Чаму “Віагра” у Беларусі ўдвая таннейшая, чым у Польшчы?

Еўрарадыё параўноўвала кошты на лекі ў беларускіх і польскіх аптэках і нечакана заўважыла, што ў Польшчы “Віагра” значна даражэй. У варшаўскай аптэцы яна каштуе 250 злотых, ці 446 тысячаў беларускіх рублёў! А ў Мінску — 249 тысяч.

“Віягра” 100 міліграмаў у нас каштуе 74 тысячы”, — агучвае кошт адной таблеткі супрацоўніца мінскай аптэкі. Пачак на 4 таблеткі ў беларускай сталіцы будзе каштаваць 249 тысяч рублёў.

Аказваецца, цана на "Віагру" залежыць ад… узроўня жыцця ў краіне!

“У Афрыцы гэтыя кошты могуць быць больш нізкімі. Гэта залежыць ад пакупніцкай здольнасці насельніцтва і ад узроўню жыцця ў краіне”, — распавядае супрацоўніца фірмы “Медтэхпрам”, якая займаецца продажам медыкаментаў.

Гэтая зніжка на ўзровень жыцця можа зрабіць цану нават ніжэй, чым у краіне, дзе вырабляюць медпрэпарат.

“Напрыклад, у нас ёсць расійскі пластыр. У Расіі ён каштуе даражэй. Для нас яны даюць спецыяльныя кошты. Калі я пытаю, чаму, — мне кажуць, што ў нас ніжэй узровень жыцця”.


Еўрарадыё спытала ў аптэках, як часта беларусы набываюць “Віагру”.

“Можа быць, два разы на тыдзень, можа, менш”, — адказвае супрацоўніца невялікай сталічнай аптэкі “Ітэра-мед”.


У буйной аптэцы “Медінтэр”, што месціцца на праспекце Незалежнасці, таксама не назіраецца шалёнага попыту: “Чатыры продажы за гэты месяц”.

Часцей бяруць беларускі аналаг “Віагры”, яшчэ таннейшы:

“Чатыры таблеткі “Віасіла” каштуюць 29 тысяч. Гэта ад беларускага вытворцы".


“Віагра” беларускага вытворцы ў 8 разоў танней за французскі прэпарат у Беларусі і ў 15 разоў за “Віагру” ў польскіх аптэках. З такімі коштамі хаця б адзін крызіс беларусам не пагражае.

Фота: Lady.ru