Чаму пальчыкі адкатваюць… з трэцяга разу?
Міліцыя спасылаецца на... чалавечы фактар: дзесьці неразборліва напісалі прозвішча.
“Я злавіў злачынцу, тады атрымаў узнагароду. Пры гэтым я здаваў адбіткі пальцаў па гэтай справе. Яшчэ да гэтага маю машыну абрабавалі і я таксама здаваў адбіткі пальцаў. А зараз хочуць, каб я зноў здаваў”, - распавядае Еўрарадыё Віталь Казак з Брэсту.
Віталь здаваў адбіткі ў 2003 і 2006 гадах. Міліцыя скарыстаць тыя адбіткі не можа, бо... да архіваў далёка.
“Яны тлумачаць, што ствараецца база па адбітках, а тыя адбіткі – у архівах. Маўляў, гэта іншая справа. Ім гадзіну пакорпацца ў архівах, а яны мяне даймаюць”.
Замест адбіткаў Віталь здаў аналіз ДНК. Усё адно прысудзілі штраф - 700 тысяч рублёў. Ён напісаў скаргу, штраф пакуль не плаціць.
У палітолага Аляксандра Фядуты адбіткі за год бралі двойчы. Спатрэбіліся і ў трэці раз.
“Пасля падзей 19 снежня я двойчы здаваў дактыласкапію. Першы раз – у ізалятары КДБ, другі – у Маскоўскім раённым аддзеле па выкананні пакаранняў. Калі мяне трэці раз папрасілі здаць адбіткі ў міліцыі па месцы жыхарства, я нагадаў, што ўжо здаваў іх. Зрэшты, я не пагадзіўся здаваць іх у трэці раз. З аднаго паверха чалавек не можа падняцца на пяты і ўзяць мае адбіткі. Не мая праблема”.
Міліцыя заяўляе, што адбіткі складаюцца ў электронную базу. Цікава, дзе тая база, калі нават двойчы здадзеныя адбіткі губляюцца?
"Мяне вывалаклі з машыны, надзелі кайданкі, адвезлі ва Ўпраўленне ўнутраных спраў і "адкаталі". Да гэтага прыходзілі дадому, але я лічу, што яны не маюць права дактыласкапаваць мяне, бо рабілі гэта яшчэ год таму", - для доктара адной з мінскіх бальніц другая дыктыласкапія была прымусовай.
Куды ж губляюцца адбіткі пальцаў? У Брэсцкай абласной міліцыі спасылаюцца на... чалавечы фактар.
“Чалавечы фактар. Наколькі я ведаю, такія выпадкі чыста памылковыя. Дзесьці штосьці не ўлічылі. Было нават такое, што чалавек памёр, а яму прыходзяць павесткі”.
Эксперты-крыміналісты, якія акурат займаюцца пальчыкамі прызнаюцца, што паўторна адкатваюць, бо з першага разу дактакартка можа быць няякаснай.
“Дзесьці чалавека выклікалі і дактакарта аказалася няякасная. Дзесьці пры запаўненні дактакарты неразборліва напісалі прозвішча. Можа быць усё што заўгодна”, - кажуць у Маскоўскім РАУСе Мінска.
Як нечакана даведалася Еўрарадыё, калі ў чалавека ўжо адкатвалі пальцы ў межах нейкай справы, тыя адбіткі скарыстаць... не могуць. Вось табе і адзіная электронная база адбіткаў!
“Архіва нейкага няма. Тое, што адбіраецца падчас, напрыклад, крымінальнай справы, застаецца ў справе. А дактыласкапіраванне ў межах абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі.”
Электронная база адбіткаў усё ж ёсць, запэўніваюць у міліцыі.
Фота: odr.by