Крэдыт на адукацыю, узяты ў 2006 годзе, падаражэў у 4 разы

120104 Svjardlou Kredity.mp3

“Большая частка людзей адчувае маральную адказнасць за вяртанне пазыкі. Нават злуюцца часам… Ну, прынцып-то просты: бярэш чужыя грошы, а аддаеш свае”, — разважае пра псіхалогію атрымальнікаў крэдытаў супрацоўнік упраўлення праблемных актываў “МТБанка”.

Гэта сапраўды так: беларусы — людзі добрасумленныя, і пазыкаў не любяць. Што праўда, часам самі банкі падштурхоўваюць іх да таго, каб “перакваліфікавацца” ў даўжнікі.

“Я ўзяла крэдыт увесну, — распавядае Еўрарадыё Таццяна*. — Вельмі хацела абнавіць гардэроб, чым-небудзь новым парадаваць сябе. Мой заробак дазволіў мне ўзяць 4 мільёны — і я вельмі ўдала паспела патраціць іх, пакуль долар яшчэ каштаваў 3 тысячы рублёў. А праз тыдзень усё ляснула”.

Усё лета дзяўчына спраўна плаціла адсоткі. Але з часоў атрымання крэдыту яны ўзраслі ледзь не на траціну!

“У жніўні мне прыйшоў заказны ліст ад “Самбелбанка”. Мне паставілі ўмову: ці вярнуць крэдыт да канца 2011 года (у такім выпадку сума выплаты будзе такая ж, як прапісана ў дамове), ці падпісаць новую дамову з улікам таго, што стаўка рэфінансавання павышаецца. У мяне не было 3,5 мільёны наяўнымі, таму я выбрала другі варыянт. У выніку, калі спачатку я плаціла па крэдыце 220 тысяч за месяц, дык сёння атрымала ад банка SMS: наступны плацёж — 284 тысячы рублёў”.

Таццяна крэдыт пакуль што выплачвае. І нават задаволеная. Праўда, не адсоткамі, на якія “ўляцела”, а тым, што паспела ў час патраціць грошы:

“Сёння я на 4 мільёны не набыла б і чвэрць ад таго, што набыла тады”.

За 2011 год стаўка рэфінансавання падвышалася 12 разоў — з 10,5 да 45%. Асабліва пакутуюць ад яе росту людзі, якія ўзялі крэдыты на адукацыю. Бо і сама адукацыя рэгулярна даражэе. Адпаведна, кожны год павялічваецца сума, якую даводзіцца пазычаць у банка.

“У гэтым годзе — каля 8 мільёнаў каштуе навучальны год. Хаця пры пачатку года нам абвясцілі пра 6 мільёнаў 100 тысяч. Але банк аўтаматычна не даплачвае грошы ўніверсітэту ў выпадку, калі той узнімае кошты. Калі хочаш, каб даплаціў, — трэба нанова збіраць даведкі і шукаць паручальнікаў.

Першы год, вядома, сумы былі не такія вялікія. Банк нам даў 2 мільёны 300 тысяч рублёў. Гэта 70% ад сумы, і 30% мы плацілі самі”, — распавядае маці адной з мінскіх студэнтак. У 2006 годзе яна аформіла ў "Беларусбанку" ільготны крэдыт на адукацыю дачкі пад 50% стаўкі рэфінансавання. Тады гэта было 5%. Сёння ж гэты крэдыт каштуе ёй 22%. Вяртаць яго са сціплага заробку педагога дзіцячага садку вельмі цяжка, — кажа жанчына.

“І які гэта льготны крэдыт? Я не магу зразумець, чаму тут напісана “льготны”.

Апошні курс адукацыі дачкі жанчына вырашыла аплачваць без дапамогі банка: скінуліся сваякі… Тым не менш, адсоткі па крэдыце працягваюць расці:

“У пазамінулым месяцы мы плацілі 211 тысяч, пасля — 235 тысяч рублёў. Зараз я ўжо не ведаю, колькі мы будзем плаціць. І гэта мы яшчэ не пачыналі вяртаць сам крэдыт! З такімі сумамі я не ведаю, як на свой заробак можна дачку вывучыць…”

Ёсць і яшчэ адзін нюанс: за кожнага паручальніка трэба заплаціць банку 30 тысяч рублёў. Калі заключалася крэдытная дамова, іх было двое. Калі ж сума, неабходная на аплату адукацыі, павялічылася, “Беларусбанк” запатрабаваў далучэння яшчэ двух паручальнікаў.

А што банкі? У “Беларусбанку” Еўрарадыё паведамілі, што ў лістападзе сітуацыя з праблемнымі крэдытамі стабілізавалася, а доля пазыкі фізічных асобаў перад банкам нават паменшылася на 4%.

Прыкладна такі адказ далі і ў “Белгазпрамбанку”: там пагаршэння крэдытнага партфелю апошнім часам не заўважылі.

У “МТБанку” часовае паляпшэнне звязваюць са стабілізацыяй сітуацыі на валютным рынку:

“Існуе на гэты момант устойлівая тэндэнцыя да зніжэння валютных пазыкаў. Але, што датычыцца рублёвых, дык з розных, скажам, аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў мы назіраем рост. Недзе на гэта рост коштаў уплывае”.

Тым часам урад абяцае да канца 2012 года апусціць стаўку рэфінансавання ў два разы — да 20-23% гадавых. Гэта палепшыць становішча людзей, якія працягваюць выплачваць крэдыты, прывязаныя да стаўкі рэфінансавання.

*імя змененае.