Былога галоўнага інжынера "Пінскдрэва" перавялі ў больш жорсткую турму
Прычым адбылося гэта з ініцыятывы цяперашняга кіраўніцтва холдынгу, якое хацела паспрыяць асуджанаму.
Нагадаем, што па справе выбуху на "Пінскдрэве" былы галоўны інжынер Ігар Логвін быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі. Як піша "Вечерний Брест", першапачаткова ён адбываў пакаранне ў Горках на Магілёўшчыне ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення.
Аднак летась на ўзроўні ўраду абмяркоўвалася аб'яднанне "Пінскдрэва" з "Барысаўдрэвам". Жадаючы змякчыць асуджанаму калегу ўмовы пакарання, кіраўніцтва холдынгу дамаглося яго пераводу ў Барысаў. Меркавалася, што Логвін будзе працаваць у будучым філіяле і жыць у заводскім інтэрнаце. Аднак аб'яднанне прадпрыемстваў не адбылося. І былы галоўны інжынер "Пінскдрэва" апынуўся ў папраўчай установе з больш жорсткім рэжымам.
Цяпер кіраўніцтва пінскага холдынгу прапануе ўмоўна-датэрміновае вызваленне былога галоўнага інжынера. Але гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі адміністрацыі папраўчай установы і суда.
Фота — vazhno.ru