Брузгі перакрылі з-за двух пачкаў цыгарэт

Абмежаванні па вывазе тавараў з Беларусі за мяжу, якія днямі ўвёў Саўмін, справакавалі стыхійны мітынг на памежным пераходзе Брузгі каля Гродна. Людзі, якія шмат гадоў жылі за кошт вывазу беларускіх тавараў у Польшчу, пратэставалі супраць страты магчымасці здабываць сабе сродкі існавання.

Як патлумачыў Еўрарадыё адзін з удзельнікаў акцыі Міхаіл, абырыла людзей нават не абмежаванне па колькасці “беспадаткавага вывазу” паліва, а іншае.

Міхаіл: “Усе думалі, што гаворка ідзе толькі пра тое, што з поўным бакам паліва, саляркі можна ехаць за мяжу раз на 5 дзён. Але ўвялі яшчэ нейкія абмежаванні на цыгарэты — толькі 2 пачкі [можна везці]. Але пра гэта ніхто не ведаў. Так, гэта пэўным чынам кантрабанда — для Польшчы. Але сітуацыя такая: увёз ты цыгарэты, там іх у цябе знайшлі — ты заплаціў штраф палякам і ўсё, машыну ў цябе не забіраюць. Нашым жа гады 2-3 у гэтым сэнсе нічога не трэба было, людзі вазілі колькі заўгодна цыгарэт. Па чутках, нічога не ведаючы пра новыя правілы, людзі ехалі і зараз. І ў іх, за тое, што было больш за 2 пачкі, канфіскавалі машыну”.

Тое, што абмежаванні на вываз тавараў сапраўды пачалі дзейнічаць, Еўрарадыё пацвердзла намеснік начальніка аддзела арганізацыі мытнага кантроля Гродзенскай мытні Святлана Труцько. Але ніякіх “канфіскацый” машын за кантрабанду, кажа, не было.

Святлана Труцько: “Ёсць пастанова Саўміна № 755. І, зразумела, што калі ёсць такая пастанова, то супрацоўнікі мытні будуць кантраляваць выкананне гэтай пастановы. А наконт канфіскацыі машыны вырашае суд — мытня не вырашае такія пытанні. Мытня максімум за парушэнне парадку перамяшчэння тавару можа скласці адміністрацыйны пратакол і перадаць дадзеныя для разгляду аб канфіскацыі ў суд. А гэта — не адзін дзень. Учора быў выходны і суд ніяк учора не мог канфіскаваць. Тым больш, што пастанова пачала дзейнічаць толькі ўчора”.

Па словах Міхаіла, менавіта абмежаванні на вываз цыгарэт, а не паліва, і чуткі пра канфіскаваныя аўто выклікалі абурэнне людзей, кажа сведка.

Міхаіл: “Паліва гэтае мы ніколі і не вазілі, гэта бессэнсоўна! І людзі гатовыя плаціць гэтую мыту за паліва, за гэтыя 5-10 літраў. Людзі ў нас цыгарэты возяць, некаторыя зарабляюць гэтым усё жыццё. І вось паміж сабой стэлефанаваліся: “Едзьце на мяжу”. І мы паехалі на мяжу, паставілі машыны, перагарадзілі дарогу, самі сталі і не пускалі машыны, якія ў Польшчу ехалі — ні фуры, ні легкавікі”.

Але супрацоўніца Гродзенскай мытні абвяргае Міхаіла і сцвярджае, што менавіта вываз паліва быў асноўнай крыніцай прыбытку шмат каго з гарадзенцаў.

Святлана Труцько: “Паліва вельмі шмат вазілі і гэта не сакрэт. Фізічныя асобы залівалі поўны бак дыспаліва і вывозілі да бліжэйшай запраўкі. На легкавыя [аўтамабілі] абмежаванняў не было. На грузавыя машыны Польшча абмяжоўвае, а на легкавыя не было, і таму людзі ездзілі”.

Што ж тычыцца акцыі на памежным пераходзе, то, па словах Міхаіла, людзі патрабавалі размовы са старшынём Гродзенскага аблвыканкама і адмены абмежаванняў на вываз за мяжу беларускіх тавараў. "Губернатар" Сямён Шапіра да людзей прыехаў. Але размовы не атрымалася.

Міхаіл: “Мне вельмі не спадабалася вось што: ён як толькі прыехаў, нібыта ж з людзьмі гаварыць, але адразу пачаў: “Вы лепш разыходзьцеся, бо шмат хто дахаты не даедзе”. Гэта ўсіх так абурыла — ён толькі прыехаў і адразу пачаў з пагроз! А потым прыехалі два такіх аўтобуса АМАПаўскіх [аўтазакі], АМАП стаў ланцугом і стаў усіх выціскаць. І яшчэ чалавек 10 [удзельнікаў акцыі] у свой бус закінулі. І што з імі — не ведаю”.

Па словах жа, Дзяніса, яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі, ня гледзячы на такі пачатак размовы “губерната” з людзьмі, потым Сямён Шапіра ўсё ж пачаў выслухоўваць людзей. І нібыта нават усё ішло па паразумення.

Дзяніс: “Не было падобна, што губернатар чакаў аўтазакаў. Ён фактычна знайшоў агульную мову [з людзьмі], ну, 10 хвлілін засталося весці гаворку, для поўнага рашэння ўсіх пытанняў, але выступіў АМАП. Гэта паказала, што гаспадар у нас у горадзе не губернатар, а нехта іншы”.

Еўрарадыё: Што менавіта казаў Шапіра, што ён абяцаў?

Дзяніс: “Казаў, што гэтае пытанне будзе падымацца. Там пытанне стаіць не ў тым, колькі перавезці ў адзін дзень паліва, а ў тым, што людзі, якія ўчора былі на літоўскай мяжы, а сёння яны ўжо Брузгі не змаглі праехаць... Ім сказалі, што вы ўчора пераязджалі Друскенікі, ездзілі ў аква-парк, вы маглі везці туды салярку. Пытанне ў гэтым – не пускалі народ той, які ездзіў учора, пазаўчора”.

Асабліва ўпартых, якія не хацелі адыходзіць пад ціскам ланцуга міліцэйскага спецназу, па словах Міхаіла, пачаставалі слёзацёчным газам. Пасля гэтага людзі раз’ехаліся.

Але колькі мітынгоўцаў, як і прадказваў Шапіра, не патрапілі вечарам дахаты, Еўрарадыё не расказалі нават на наступны дзень. Па словах першага намесніка начальніка Кастрычнікага РАЎС Гродна Аляксандра Траско, называць колькасць затрыманых ён не мае права. Толькі сказаў, што разгледзяць справы затрыманых суддзя хутка і што большасць абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Але не толькі з-за гэтага, кажа ўдзельнік акцыі ў Брузгах, настрой у горадзе пануе дрэнны.

Міхаіл: “Людзі крэдытаў панабіралі, іншае і сітуацыя такая, што зараз хоць ты памірай... Бо шмат хто “сядзеў” 20 гадоў на гэтай Польшчы, нідзе не працаваў, ніякай спецыяльнасці не мае. І ісці зараз працаваць на 500 тысяч? Ім, каб пражыць, давядзецца свае кватэры ды машыны прадаваць”.

Таму не выключана, кажа Міхаіл, што калі сітуацыя застанецца без зменаў, то пратэсты ў Гродне працягнуцца.