БРСМ прапануе працу ў Расіі за 600 долараў, а на “Дажынках” за 1,5 мільёны
Каб працаваць у будаўнічым атрадзе саюза моладзі, ўступаць у БРСМ неабавязкова.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, якую працу можа прапанаваць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Прадставіўшыся беспрацоўным “маладым спецыялістам”, карэспандэнт звярнуўся туды па працу.
БРСМ: “Вы можаце выехаць у Ямала-Ненецкую аўтаномную акругу да сярэдзіны верасня? Там будаўніцтва дарогі. Заробак ад 18500 расійскіх рублёў”.
Еўрарадыё: "Я чуў, што можна было паехаць у Сочы…".
БРСМ: “Адзін атрад ужо выехаў, там быў спецыялізаваны запыт на чыгуначнікаў”.
Еўрарадыё: "А як мне туды трапіць?"
БРСМ: "Сёлета ўжо ніяк".
Таксама праз рэспубліканскую арганізацыю моладзі можна паехаць на працу ў будаўнічы атрад у Маладзечна, каб рыхтаваць горад да “Дажынак”. Па інфармацыю Еўрарадыё звярнулася ў раённы камітэт гэтай моладзевай арганізацыі.
“Што я вам хачу сказаць: будаўнічыя спецыяльнасці — гэта ў асноўным падсобныя рабочыя. Заробак здзельна-прэміяльны”, — пералічваюць мне вакансіі.
Сярэдні заробак на будаўнічых аб’ектах да “Дажынак” вагаецца ад 1 да 1,5 мільёнаў рублёў.
Пры гэтым агулам па Беларусі можна зарабіць больш, упэўніваюць у рэспубліканскім камітэце БРСМ.
“У мінулым годзе былі хлопцы, якія зараблялі па 2 мільёны ў месяц па Мінскай вобласці”.
Каб паехаць працаваць у студатрад, пажадана ўступіць у БРСМ.
Еўрарадыё: "Ці трэба мне быць сябрам БРСМ, каб паехаць працаваць?"
БРСМ: "Пажадана".
Еўрарадыё: "А, можа быць, усё ж можна без гэтага?"
БРСМ: "Там на месцы вырашыце гэтыя пытанні".
Пад месцам маецца на ўвазе раённы ці абласны камітэт, праз які вы збіраецеся працаўладкоўвацца. Дарэчы, у раённым камітэце адказалі, што працаваць можна і не ўступаючы ў саюз моладзі.
“У прынцыпе, калі ў вас ёсць такое жаданне, мы вас працаўладкуем, калі вы нават не сябра БРСМ”.
Каб працаваць, трэба мець даведку аб стане здароўя і пашпарт. Магчыма, давядзецца прайсці медыцынскую камісію ад прадпрыемства.
Фота: shaputska.blog.tut.by