Брэсцкая пракуратура не пачне крымінальную справу за збіццё вязняў калоніі

Такі адказ атрымаў з Брэсцкай абласной пракуратуры дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы "Платформа" Андрэй Бандарэнка. Як інфармуе БелаПАН, з просьбай пра дапамогу да праваабаронцаў звярнулася маці асуджанага Раміза Мамедава з гэтай калоніі. Па яе словах, 27 ліпеня супрацоўнікі калоніі жорстка збілі шасцярых вязняў. Пры гэтым двое зняволеных нібыта былі дастаўленыя ў гарадскую лякарню, адзін з іх — на насілках.

Пракуратура сапраўды выявіла, што былі збітыя вязні Мамедаў, Капліч і Ярахновіч. Іх збілі за псаванне камернага абсталявання: за сарваныя камеры відэаназірання, якія кантралёры ўсталявалі проста над прыбіральняй. Гэтыя дзеянні прызнаныя законнымі.

Бандарэнка мяркуе, пракуратура замоўчвае зверствы супрацоўнікаў папраўчай калоніі. Праваабаронцы пададуць скаргі ў Генеральную пракуратуру.