Брэсцкія ўлады "аварыйна" забаранілі раней дазволеныя пікеты
У Дзень Волі на Брэсцкім стадыёне "Лакаматыў" павінны былі адбыцца два пікеты. Сёння ўлады анулявалі раней выдадзеныя дазволы на іх правядзенне.
25 сакавіка ў Брэсце планаваліся два пікеты: адзін — супраць палітычных рэпрэсій, другі — супраць пагаршэння матэрыяльнага становішча жыхароў рэгіёна.
Як паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў Аляксандр Дзенісенка, сёння яму дадому паштовы кур’ер прынёс ліст з Брэсцкага гарвыканкама, у якім паведамляецца аб адмене раней выдадзенага дазволу на заяўлены ім пікет.
Матыў: "У сувязі са зваротам, які паступіў ад дырэктара фізкультурна-спартыўнага комплексу "Лакаматыў" ад 23 сакавіка бягучага года аб узніклай аварыйнай сітуацыі і неабходнасці правядзення рамонтных работ на тэрыторыі стадыёна".
Аналагічны ліст ўручылі і заяўнікам другога пікету.