Больш за ўсіх ад адсутнасці снегу церпяць… дворнікі!
Для іх гэта не проста дрэнная зіма, але і дрэнныя заробкі.
Здаецца, снег жа прыбіраць не трэба. Падмесці смецце значна лягчэй. Але для кагосьці снег — гэта грошы і прэміі!
“Снег ёсць, значыць складаюцца працэнтоўкі, акты выкананых прац за ачышчэнне. А зараз толькі дарожкі ад выпадковага смецця падмятаюцца”, — расказвае Еўрарадыё намеснік генеральнага дырэктара “Мінскзеленстрою” Уладзімір Гайкоў.
Цёплай зімой, вядома, камунальнікі эканомяць на паліве для вывазу снегу. Але самім рабочым — кіроўцам і дворнікам — зусім не весела. Няма чаго рабіць на працы. Адпаведна, і заробку няма.
“Чалавек павінен у рэжыме чакання быць. Яму за гэта як бы і не плацяць, але маральна вось, груба кажучы, гарэлкі нельга выпіць, а трэба быць гатовым сесці за руль і паехаць. Калі снег ёсць, механізм наладжаны — яны ходзяць і працуюць”.
А вось беларускія гарналыжныя курорты адсутнасцю снегу ў Беларусі не засмучаныя. Інструктар Сяргей з Лагойску кажа, што і так працуюць заўсёды на штучным снезе, бо ў Беларусі для добрай трасы натуральнага не хопіць.
“У любым выпадку, наш курорт працуе, як і ўсе іншыя курорты гарналыжныя, той жа "Лагойск", тая ж "Снежная даліна", усе працуюць на штучным снезе. Проста, каб стварыць нейкую гарналыжную трасу,сапраўднага снегу павінна выпасці не менш за паўтары метры”.
Калі у “Сілічах” і “Лагойску” ўсё ў снежным шакаладзе, то Упраўленне фізічнай культуры і спорту Мінгарвыканкаму намаліцца не можа на снег і мароз. Пры такой цеплыні каток на Кастрычніцкай не зальеш. Там рады... адсутнасцю планаў па выкананні мерапрыемстваў на гэтую зіму.
“Мы дзяцей не парадавалі ў гэтым годзе. Горад гатовы. Ёсць адпаведныя дакументы, даручэнні, планёркі. То бок усё распісана. Толькі нам… Мы з гэтага інтэрнэту, з надвор’я не вылазім. Чакаем гэтага ўсяго”.
Засмучаныя і шынамантажнікі. Снег і лёд вельмі добра падганяюць людзей, памяняць гуму на зімовую. А калі дарогі чыстыя....
“Ну зразумела, калі першы снег пайшоў, то чэргі стаялі. Зараз машыны тры-чатыры пераабуваюцца, груба кажучы. У дзень”.
Аднак супрацоўнікі шынамантажу не расстройваюцца. Кажуць, што грошы ў асноўным зарабляюць зусім не замене летняй гумы на зімовую.