Billy's Bаnd падрыхтавалі чарговую складанку кавераў на сусветныя хіты

111012 Malina Billys Band.mp3

Перад мінскім канцэртам піцерскі гурт Billy's Bаnd распавёў пра хуткі выхад другога альбома кавераў на вядомых выканаўцаў. Паводле слоў лідара калектыву Білі Новіка, дыск "Чужие-2" — амаль вымушаны крок, бо звычайна гурт робіць каверы не па сваім жаданні. Да прыкладу, ім прапануюць выступіць з чужой песняй на якім-небудзь тэлешоў ці пераспяваць песню для канцэрта-салянкі. А калі столькі часу аддаеш на працу з матэрыялам, то шкада яго проста выкідаць. Да таго ж нічога ганебнага ў альбомах з чужымі песнямі няма, лічыць Білі, бо калі да гэтага сур'ёзна ставіцца, то гэта вельмі складаная праца.

Білі Новік: "Мы выкарыстоўваем канцэптуальныя кавер-версіі, каб разбавіць сваю творчасць, каб слухач меў больш шырокую палітру разнастайнасці. Каверы — гэта ўвогуле вельмі тонкая мяжа. Самая галоўная задача кавер-версіі — перавярнуць твор, не апошліць яго, выканаць, як новы. Самая галоўная задача — гэта выканаць яго лепш за арыгінал ці за папярэднік. Але калі кавер атрымліваецца горшым, то ў гэтым проста няма сэнсу".

Нягледзячы на тое, што на складанку трапяць чужыя песні, якія музыкі рабілі цягам апошніх двух гадоў, стылістычна альбом "Чужие-2" атрымаўся самым джазавым і самым англамоўным: з пятнаццаці трэкаў на дыску будзе толькі чатыры рускамоўныя песні. Сярод рускамоўных будуць пераспевы песень "Черный кот" і "Синий-синий иней", вядомай за мяжой як "One Way Ticket".

Праўда, Білі Новік дадае, што менавіта з-за вялікай колькасці англамоўных хітоў выхад альбом "Чужие-2" затрымліваецца. Ён можа з'явіцца ўжо сёлета ўвосень, але, хутчэй за ўсё, узімку, ці, на крайні выпадак, увесну. І гэта залежыць зусім не ад музыкаў калектыву.

Білі Новік: "Рэч у тым, што песні, якія на яго трапяць, — чужыя песні: гэта песні ўжо сур'ёзных аўтараў, такіх, як Beatles, Пол Макартні, Джон Ленан. А ў сур'ёзных аўтараў набыць ліцэнзію проста жахліва. Яны не маўчаць, але, напрыклад, Beatles агучылі такую суму, што нам страшна. Яны не разумеюць, што калі яны нам не дадуць ліцэнзію, то хто-небудзь гэта як-небудзь... і ўсё будзе ўвогуле бясплатна".

А наогул музыкі прызналіся, што ў паўзах паміж канцэртамі яны паралельна працуюць адразу над чатырма новымі дыскамі, але іншых падрабязнасцяў не агучылі.

Што ж датычыцца мінскага канцэрту, то на ім Billy's Band за больш як двухгадзінны выступ амаль не выконваў кавераў, а адпаведна і песень з новага дыску. Але сапраўдным сюрпрызам стала песня Polly гурта Nirvana, якую Білі Новік выканаў самастойна пад гітару і прысвяціў сваім бацькам ды дырэктару гурта. Адзінае, што перашкаджала атрымліваць асалоду ад канцэрта гурта, быў сапраўды дрэнны гук, які, варта прызнаць, бліжэй да канца канцэрта ўсё ж неяк выправілі.

Відэа з песняй "Синий Синий Иней", якая з'явіцца на новым дыску:

Фота: GlucTim