Беларускія хакеры ўзламалі сайт падатковага ведамства ЗША
Аднаго з іх асудзілі на 41 месяц турэмнага зняволення.
Гэта жыхар гораду Нантакет у штаце Масачусетс беларус з паходжання Мікалай Мардахаеў. Яго асудзілі за ўдзел у злачыннай онлайн-аперацыі па пранікненні і рабаванні федэральнай сістэмы вяртання падаходнага падатку, перадае Радыё "Свабода".
31-гадовы хакер прызнаў сябе вінаватым у змове і махлярстве. Акрамя турэмнага зняволеньня Мардахаеву прысудзілі таксама штраф памерам 209 тысяч долараў.
Паводле дакументаў суда, з 2006 па 2007 год Мардахаеў з паплечнікамі атрымалі доступ да сайтаў амерыканскай падатковай сістэмы. Гэтыя сайты праз інтэрнэт вяртаюць часткі падаходнага падатку падаткаплатнікам з нізкімі даходамі. Мардахаеў з камандай хакераў з Беларусі мяняў лічбы кампенсацыі падаткаў на большыя, а розніцу пераводзіў на свае рахункі. Агулам злачынцы скралі больш за 200 тысяч долараў.