Беларускія алімпійцы жывуць на 3 мільёны ў месяц

120110 Svjardlou Olimpiada.mp3

Чэмпіёна афінскай Алімпіяды па дзюдо Ігара Макарава тэлефанаванне Еўрарадыё заспявае паміж Гомелем і Мінскам. Украінскія дзюдаісты расшчодрыліся і запрасілі яго на свае ўнутраныя зборы ў Кіеве.

“Заробак мне плаціць Міністэрства спорту. 3,5 мільёна, — распавядае Еўрарадыё Ігар. — А што вы думалі, мы на лаўрах усё жыццё адпачываем?”

Трохразовае скарачэнне бюджэту на падрыхтоўку да лонданскіх гульняў Ігара Макарава не засмучае. І раней, і зараз большасць з таго, што патрэбна для трэніровак, ён набывае за свой кошт.

Ігар Макараў: “Бо, як звычайна, тое, што патрэбна, у Беларусі ліцэнзавання не праходзіць. Нават тыя ж вітамінкі, як кажуць, для падтрымання штаноў. Мы ж дарослыя людзі: давайце не будзем рабіць выгляд, што мне хопіць “Ундэвіта” ці “Рэніта”. Трэба спецыялізаванае піццё, прэпараты, якія ў нас не прадаюцца ў адкрытую. Што ж, выходзім з сітуацыі абходнымі шляхамі”.

Малатабоец Вадзім Дзевятоўскі прызнаецца, што дагэтуль працягвае трэніравацца ў наваполацкай спартовай школе, куды прыйшоў 28 гадоў таму. З молатам, які выкарыстоўваецца падчас спаборніцтваў, срэбны прызёр гульняў у Пекіне зараз не займаецца. Таму і пра вынікі пакуль што размаўляць не хоча. Маўляў, “ну што вы зразумееце, калі я скажу, што на 52 метры кідаю 10-кілаграмовы молат з ланцужком, карацейшым на 20 сантыметраў?”.


Паводле словаў Дзевятоўскага, і ён сам, і Іван Ціхан зараз у стане паўтарыць алімпійскія дасягненні — “кінуць молат за 83 метры”.

Як даведалася Еўрарадыё, Ціхан зараз трэніруецца ў Расіі. Беларускі волат пераехаў туды за сваім трэнерам Сяргеем Літвінавым.

Дзевятоўскі спадзяецца атрымаць алімпійскую ліцэнзію падчас веснавых стартаў. Такія ж спадзевы ў алімпійскай чэмпіёнкі Афінаў, “белай пантэры” Юліі Несцярэнкі.

“Зараз мы перабраліся ў манеж, — распавядае Дзмітрый Несцярэнка, трэнер і муж славутай бягухі. — Юлія трэніруецца некалькі разоў на тыдзень”.

Алімпійская чэмпіёнка атрымлівае не нашмат больш за сярэдні заробак па Беларусі.

Дзмітрый Несцярэнка: “Ад Міністэрства спорту ёй ідзе дапамога — 1 мільён 300 тысяч. Плюс заробак, як памежніца. Колькі ў апошні месяц — не ведаем, бо Юлія пасля перавода ў АСАМ [“Асобая служба актыўных мерапрыемстваў”, якую называюць памежным спецназам] яшчэ не забрала новую картку. А раней было недзе 1 мільён 800 тысяч. Так што давялося апошнім часам зацягнуць паясы”.

Агулам атрымалася 3 мільёны 100 тысяч — каля 365 долараў.

Прыкладна столькі ж у Яніны Правалінскай-Карольчык, алімпійскай чэмпіёнкі Сіднэя ў штурханні ядра. Яе заробак з двух частак: адна — як маёру Мінабароны; другая — з Мінспорту за чацвертае месца на чэмпіянаце Еўропы.

Яніна Правалінская-Карольчык: “Чэмпіёны апошняй Алімпіяды, тая ж Аксана Мянькова, атрымліваюць прэзідэнцкія 200 тарыфных ставак першага разрада. Такія, як я, алімпійская чэмпіёнка 2000 года, — падыходзяць пад сярэдні заробак па горадзе Мінску”.

Сярэдні заробак па Мінску зараз — каля 3,2 мільёна рублёў.

Спадзяецца трапіць на лонданскую Алімпіяду і Яніна Правалінская-Карольчык. Узімку яе чакае некалькі турніраў “для сябе”, як кажа сама спартсменка. Старты, якія дазваляюць кваліфікавацца на Алімпійскія гульні, — у чэрвені.

Еўрарадыё будзе сачыць за выступамі нашых спартоўцаў.