Беларускае піва ў барах ёсць. Але яго там няма!
У Мінгандлю раяць патрабаваць кнігу скаргаў — піва адразу з’явіцца.
Два гады таму міністр культуры Павел Латушка пакінуў запіс у кнізе скаргаў адной з мінскіх кавярняў, не знайшоўшы там беларускага піва. У тыя часы беларускіх рэстаратараў абавязалі мець у меню айчыннае піва. Еўрарадыё пашукала яго ў кавярнях зімой 2012. Знайшло толькі ў двух з пяці.
“Рабіце запіс у кнізе заўваг і прапановаў. Па-першае, вам павінны даць адказ. А па-другое, – кожны, хто правярае, хто мае права кантролю, ён абавязкова глядзіць кнігу заўвагаў і прапановаў. І там бачыць”, — раяць у “Беларускім таварыстве абароны правоў спажыўцоў”.
І расказваюць, што адразу пасля з’яўлення патрабавання мець у меню беларускае піва, мінчукі часта паведамлялі, дзе яго не знайшлі. А вось зараз, чамусьці, перасталі.
Еўрарадыё зазірнула ў меню бараў на праспекце Незалежнасці: спрэс — вядомыя замежныя піўныя брэнды. Калі і трапіцца адзін-два беларускіх, то іх вам ўсё адно наўрад ці прынясуць. Скажуць, што скончыліся. У Аддзеле грамадскага харчавання Мінгандлю Еўрарадыё пацвярджаюць: так, гэта праблема!
“Мы б хацелі, каб нашы наведнікі мелі права выбару. Каб калі я прыходжу, як спажывец, каб было не толькі імпартнае піва альбо алкаголь, але была і наша беларуская прадукцыя. Чаму мяне пазбаўляюць права выбару?”
Імпартнае — даражэйшае, зарабіць на ім, адпаведна, можна больш. Але, як даведалася Еўрарадыё, калі беларускага піва няма і наведнікі на гэта паскардзяцца, рэстаратары заплацяць штраф да 350 тысяч рублёў.
“Знікае” беларускае піва па-рознаму. У адным з рэстаранаў карэспандэнту Еўрарадыё яго спачатку пагадзіліся прынесці, а потым афіцыянтка з нявінным выглядам паведаміла, што застаўся толькі “Хайнекен” і “Велькапаповіцкі Козел”. Гэта, аднак, не перашкодзіла той самай дзяўчыне праз некалькі хвілін прапанаваць беларускае піва кампаніі за суседнім столікам.
“Па правілах гандлю прадугледжана. Ёсць патрабаванні да арганізацый грамадскага харчавання, згодна з якімі яны абавязаныя мець у продажы піва і алкаголь айчыннай вытворчасці”.
У Мінгандлю расказваюць пра самы просты спосаб, знайсці ў любой кавярні беларускае піва. Дастаткова проста… папрасіць кнігу скаргаў. Патрэбны гатунак адразу знойдзецца.
“Днём, бачыце, у меню ёсць. Як толькі дайшло да рэалізацыі… Калі б вы папрасілі кнігу заўвагаў, то знайшлося б гэтае піва. Так што гэта? Падыход такі?”
Рэстаратары адсутнасць беларускага піва тлумачаць часовымі праблемамі з пастаўкамі. Кажуць, што як адно піва заканчваецца, замяняюць яго іншым. Тым часам у броварах сцвярджаюць, што гатовыя задаволіць любыя патрэбы загадчыкаў своечасова.
“Ну, як бы, мы стараемся, каб было заўсёды. Вядома. Проста, часам бывае, што нешта ёсць, іншага няма. Мы стараемся замяняць. Адно іншым. Не заўсёды ёсць пастаўкі нейкіх гатункаў піва”, — расказваюць Еўрарадыё ў рэстаране “Іль Паціо”.
Дарэчы, ў кавярні, якую некалі так раскрытыкаваў Павел Латушка, карэспандэнта Еўрарадыё запэўнілі, што беларускае піва там зараз ёсць заўсёды. Праўда, у меню яго зможа знайсці не кожны. Прадукцыя беларускіх півавараў схаваная асобна. На апошняй старонцы.
“Мы б хацелі, каб нашы наведнікі мелі права выбару. Каб калі я прыходжу, як спажывец, каб было не толькі імпартнае піва альбо алкаголь, але была і наша беларуская прадукцыя. Чаму мяне пазбаўляюць права выбару?”