"Беларусбанк" скараціў стаўкі па крэдытах і прэміі сваім супрацоўнікам

Працэнтная стаўка па такіх крэдытах была завязаная на стаўку рэфінансавання плюс 1%. Самая нізкая стаўка рэфінансавання была летась ў верасні — 10,5%. Плюс 1 — і атрымаем 11,5% — працэнтная стаўка па льготным крэдыце. Былі такія часы!

Але стаўка рэфінансавання імкліва пайшла ўверх і зараз яна ў нас складае 16%. Плюс 1 — атрымліваецца 17. "Беларусбанк" скінуў 3% — і гэтыя крэдыты патаннелі за кошт сродкаў банка.

“Менш будзе прыбытак у банка, менш прэміі заплоцяць”, — гаворыць прэс-сакратар банка Ларыса Грынько.

Адмаўляцца ад такой дабрачыннасці "Беларусбанк" не збіраецца нават у тым выпадку, калі эканамічная сітуацыя ў краіне і далей будзе пагаршацца.

Ларыса Грынько: “Калі стаўка рэфінансавання будзе, да прыкладу, павышацца, то гэта адна справа. Але хутчэй усё адно захаваюцца гэтыя 14%.  А калі пойдзе на зніжэнне, то банк сітуацыю будзе разглядаць асобна. Калі стаўка ўвогуле вернецца да 10% і плюс 1, то гэта ж будзе выгадней! І тады банк вернецца на старыя пазіцыі (дакрызісныя — Еўрарадыё)”.

Праўда, патлумачыла супрацоўніца банка, сёння льготны крэдыт могуць атрымаць толькі жыхары населеных пунктаў да 50 тысяч чалавек насельніцтва і гарадоў Кобрын, Слуцк, Рэчыца і Светлагорск. Прычым там такі зайздросны крэдыт банк дае не толькі шматдзетным сем’ям, але і астатнім грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Шматдзетным жа сем’ям сталіцы ды іншых буйных гарадоў лепш падумаць: браць сёння крэдыт пад 14% гадавых ці пачакаць лепшых часоў. Бо калі сям’і з 5 дзецьмі дзяржава рознымі субсідыямі “закрывае” крэдыт і кватэра атрымліваецца бясплатная, то сям’і, да прыкладу, з 3 дзецьмі давядзецца 30% крэдыта аплочваць з уласнай кішэні.

Ларыса Грынько: “Калі пяцёра дзяцей, то дзяржава “закрывае” нават гэты працэнт, бярэ яго на сябе. Калі чацвёра — 90% бярэ на сябе, а калі трое — 70%. Потым ім гэтыя адсоткі будуць здымацца, субсідыя будзе налічвацца і тут трэба лічыць — што каму больш выгадна”.

Але ёсць і ўмовы. Найперш, каб прыбытак на кожнага чалавека сям’і не перавышаў 1 мільён 250 тысяч у год. І другое — будавацца людзі мусяць выключна ў “сацыяльных” дамах — панэльных.

Як паведамілі Еўрарадыё ў аддзеле жыллёвай палітыкі Маскоўскага выканкама Мінска, сёння ў іх зарэгістравана 511 шматдзетных сем’яў, якім неабходна паляпшэнне жыллёвых умоў. Але, паводле звестак, большасць з іх ужо атрымалі льготны крэдыт і будуюцца. А, да прыкладу, чалавек, які стаў на ўлік у выканкаме ў траўні 2010 года, зараз у чарзе на будаўніцтва 3-пакаёўкі 65-ы.

Затое з'яўляецца надзея ў тых, хто ў катэгорыю шматдзетных сем’яў не трапляе, але паспеў падпісаць дамову з забудоўшчыкам з разлікам на льготны крэдыт пад 5%. Нагадаем, з 1 чэрвеня "Беларусбанк" спыніў выдачу такіх крэдытаў. Паводле супрацоўніцы банка, калі дамова была падпісаная да 1 чэрвеня і да гэтага ж дня людзі атрымалі дазвол выканкама на атрыманне льготнага крэдыту, то ім яго і цяпер яшчэ будуць выдаваць.

Ларыса Грынько: “Не спыняць жа будаўніцтва і не выкінуць жа яго з кааператыва, правільна? Яшчэ засталася тая катэгорыя, якія яшчэ паспяваюць атрымаць гэты крэдыт на сёння”.

А на заканчэнне размовы расказала, што "Беларусбанк" пабудаваў на свае сродкі 7 дамоў у розных частках Беларусі і аддаў іх шматдзетным сем’ям, якія ўзялі на выхаванне дзяцей з дзіцячых дамоў. І паскардзілася, што ніхто пра гэта нічога не кажа.