Беларусь баіцца польскіх тавараў?
Беларускія вытворцы не перажывуць, калі мяжу з Польшчай зрабіць празрыстай хаця б на 50 кіламетраў "углыбіню”, лічаць эксперты.
"У сувязі з дастаткова жорсткай антыбеларускай пазіцыяй, якую займае польскі ўрад", — тлумачыць прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных 21 сакавіка на брыфінгу нежаданне ўводзіць у сілу пагадненне аб памежным руху з Польшчай. Паводле гэтага пагаднення, жыхарам 50-кіламетровай зоны на мяжы з Польшчай без віз дазволяць ездзіць у суседнюю краіну. І наадварот.
Эканаміст Леанід Заіка ўпэўнены: “антыбеларуская пазіцыя” польскага ўрада тут ні пры чым. За дамовай стаіць не палітыка, а эканоміка!
Леанід Заіка: “Павелічэнне руху, абмену, паездак дасць магчымасць частцы насельніцтва заняцца гандлем — памежныя раёны стануць магутнай пляцоўкай фармавання паралельнага рынку. Гэта адразу створыць канкурэнцыю ўсяму беларускаму аграрна-прамысловаму комплексу. Гэтай канкурэнцыі беларусы не вытрымаюць — ні па адзенні, ні па абутку, ні па прадуктах харчавання. Таму ўлады і спалохаліся”.
Апроч таго, гэты эканамічны аспект пераўтвараецца ў ідэалагічны. Усе тавары, якія трапяць у Беларусь дзякуючы малому памежнаму руху, становяцца “вечнай прапагандай” — што ў суседняй краіне і кошты на ўсё ніжэйшыя, і якасць іх добрая, і ўзровень жыцця там вышэйшы. Як пасля гэтага верыць айчыннай прапагандзе, што ў нас лепшыя і тавары, і кошты, і жыццё?
Такім чынам, сцвярджае эканаміст, простыя беларусы толькі губляюць ад нежадання ўладаў рабіць мяжу больш празрыстай. Прычым жыхары не толькі гэтай 50-кіламетровай зоны ля мяжы з Польшчай ці Літвой — сёння гэтыя “памежнікі” забяспечаць таннымі таварамі сябе, а заўтра павязуць іх на рынкі краіны. У выніку, за свой “500-доларавы” заробак кожны зможа набыць больш тавараў.
З тым, што ў праекце пад назвай “Малы памежны рух” больш эканомікі, чым палітыкі, ускосна згодны і кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.
Аляксандр Цішчанка: “На самой справе, гэта не малы памежны рух. Гэта — малы таварны рух. Трэба глядзець: у які бок і ў якім маштабе гэтыя тавары пойдуць? У наш. А валюта?”
Атрымліваецца, адмаўляючыся ад малога памежнага руху з Польшчай, мы ствараем перашкоды на шляху масавага вывазу валюты з краіны! А то мы ўжо маем вопыт 2011 года, калі крызіс быў справакаваны пакупнікамі еўрапейскага “аўтасмецця”, на якое вывезлі мільярды долараў з краіны.
То, можа, мы такой адмовай набываем нешта ў палітычным плане? Да прыкладу, дэманструем усяму свету дрэнныя паводзіны польскіх уладаў у адносінах да суседняй краіны?
“Нічога з гэтага не будзе, — упэўнены палітолаг Яўген Прэйгерман. — Падчас мінулай прэс-канферэнцыі ўпершыню такую пазіцыю адносна Польшчы сфармуляваў Аляксандр Лукашэнка. Тады гэта не мела ніякіх наступстваў, і тым больш не будзе іх зараз. Нягледзячы на тое, што гэта афіцыйная пазіцыя МЗС”.
Праўда, дадае, і ніякіх палітычных бонусаў афіцыйнаму Мінску малы памежны рух не дае.
Яўген Прэйгерман: “Мы ўвялі малы памежны рух з Латвіяй, ён існуе, але палітычных бонусаў наша ўлада не атрымала. Не дзіўна, што асабліва і не спекулююць гэтым фактам. Іншая справа, што нейкую “галачку” бюракраты ў Еўракамісіі ці ў іншых інстытуцыях ЕС маглі б паставіць — гэта быў бы дадатковы міні-аргумент на карысць таго, што Беларусь пэўныя крокі робіць”.
Дарэчы, малым памежным рухам з Латвіяй за 10 месяцаў 2012 года скарысталіся амаль 8 тысяч латышоў і… каля 100 беларусаў. Вось толькі казаць, што такое “зацішша” было б і на польскай ці літоўскай мяжы, калі там такі ж рух увядуць, Цішчанка не адважваецца. Хутчэй — наадварот.
Фота: http://photo.bymedia.net