БАЖ: Дзяржаўныя СМІ пра надвор’е кажуць значна больш, чым пра выбары
А недзяржаўныя часцей пісалі пра Някляева і Раманчука, але нікога не лабіравалі. Такія высновы ў выніку маніторынгу зрабілі спецыялісты Беларускай асацыяцыі жур
Дзяржаўныя СМІ пра надвор’е кажуць больш, чым пра выбары, ведаюць іх
вынік, а пра апанентаў прэзідэнта выказваюцца іранічна-зняважлівы.
Недзяржаўныя ж часцей пісалі пра Някляева і Раманчука, але нікога не
лабіравалі. Такія высновы зрабілі спецыялісты Беларускай асацыяцыі
журналістаў падчас першага маніторынгу асвятлення прэзідэнцкіх выбараў у
беларускіх СМІ. Паводле словаў сябра Рады БАЖ Алеся Анціпенкі,
маніторынг ахоплівае этап збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у
прэзідэнты — з 11 па 30 кастрычніка. Пад пільнае вока спецыялістаў
трапіла 18 сродкаў масавай інфармацыі: як недзяржаўных, і так
дзяржаўных.
Алесь Анціпенка: “Асноўная мэта нашага
маніторынгу — ацаніць, наколькі эфектыўна і поўна беларускія медыі
асвятляюць выбарчы працэс, наколькі яны здольныя аб’ектыўна
адлюстроўваць погляды розных кандыдатаў. Таксама нашая задача —
прыцягнуць увагу журналісцкай супольнасці краіны да вялікай адказнасці,
якая ляжыць на іх. Да таго, што абавязкам медыяў з’яўляецца, у
адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і нормамі, інфармаваць
выбаршчыкаў пра ўсіх, датычных да выбараў, суб’ектаў. Падаваць
разнастайныя погляды і меркаванні як саміх галоўных удзельнікаў выбараў,
так і шараговых грамадзянаў”.
Як
высветлілася, пытанні ёсць па ўсіх пералічаных пунктах. Праўда, у
асноўным да дзяржаўных СМІ. Так, сама тэма выбараў у іх увогуле не была
прыярытэтнай — ёй, паводле маніторынгу, прысвячалася ў некалькі разоў
менш часу, чым сюжэтам пра надвор’е.
Алесь Анціпенка: “Таксама
гэтыя медыя не падалі ніякіх адмысловых матэрыялаў, якія б распавядалі
пра працэдуру, пра сам працэс збору подпісаў. А калі паведамлялася пра
збор подпісаў, то датычна патэнцыйных апанентаў дзеючага прэзідэнта
дамінаваў іранічна-прыніжальны тон альбо ўжываліся абразлівыя
параўнанні”.

Больш
за тое, калі дзяржаўныя СМІ і пісалі пра выбары, то, кажа Алесь
Анціпенка, у гэтых матэрыялах стваралася ўражанне перадвызначанасці
вынікаў выбарчай кампаніі. Тут лідарам стала “СБ. Беларусь сегодня”.
Гэта, згодна з яго словамі, новы элемент у асвятленні выбарчай кампаніі
дзяржаўнымі СМІ, калі параўноўваць з кампаніяй 2006 года.
Супрацьлеглая
сітуацыя ў недзяржаўных СМІ. Дый ацэнка ўдзельнікаў выбарчага працэсу ў
іх значна больш збалансаваная, чым у дзяржаўных калег.
Алесь Анціпенка: “Недзяржаўныя медыі розных суб’ектаў ацэньваюць як нейтральна, так і пазітыўна, так і негатыўна”.
Для усіх прэтэндэнтаў знайшлося месца на старонках альбо ў эфіры недзяржаўных СМІ. Праўда, адзначыў Анціпенка, Уладзіміра Някляева ўзгадвалі часцей за астатніх. На другім месцы па згадках — Яраслаў Раманчук. 
Але
з-за чаго так сталася — актыўнасці названых палітыкаў у стварэнні
інфармацыйных нагод альбо заангажаванасці СМІ — бажаўскія маніторшчыкі
не высвятлялі.
Выбіваецца з шэрагу недзяржаўных медый толькі “Комсомольская правда в Беларуси”.
Алесь Анціпенка: “Параўнальна
з астатнімі СМІ, яна большасць плошчы прысвяціла прэзідэнту, дзейнасць
якога ацэньваецца станоўча, а астатнія 10 прэтэндэнтаў разам маюць 18%
плошчы”.
Звярталася
ўвага на выпадкі, калі інфармацыя альбо “перакручваецца”, альбо
падаецца аднабакова. Калі, кажа Анціпенка, манера падачы інфармацыі не
адпавядае міжнародным стандартам і прынцыпам журналісцкай этыкі. У
лідарах, паводле бажаўскага маніторынгу, агенцтва БЕЛТА і праграма “Наши
новости” канала АНТ.
Алесь Анціпенка абяцае, што БАЖ будзе
працягваць маніторыць беларускія СМІ да канца выбараў. А пасля зробіць
рассылку вынікаў сваёй працы па больш як 700 адрасах — гэта замежныя і
айчынныя журналісты, СМІ, партыі і грамадскія арганізацыі. Атрымаюць іх
Міжнародны саюз журналістаў, АБСЕ, ААН і іншыя арганізацыі. 
Але найбольш, прызналася Еўрарадыё старшыня БАЖ Жанна Літвіна, яны спадзяюцца, што абмеркаваць сабраны матэрыял яны здолеюць з “дзяржаўнымі” журналістамі, СМІ і Саюзам журналістаў.
Жанна Літвіна: “Упершыню
Саюз журналістаў абвясціў, што ён таксама будзе весці маніторынг. Вось,
параўнаць гэтыя дзве працы — мне падаецца, гэта будзе вельмі сур’ёзная
падстава для дыялогу, для круглага стала, для абмеркавання нашых
прафесійных праблем. Мы вельмі разлічваем на тое, што маніторынгавыя
матэрыялы стануць падставай і фактурай для аналітыкі, для экспертнай
работы”.
Вось толькі ці пагодзяцца “дзяржаўнікі” на ўдзел у такім абмеркаванні, Літвіна прадказаць не ўзялася.
Фота: Змітра Лукашука