Бацька Паўла Вінаградава: Я ганаруся сваім сынам і цалкам яго падтрымліваю
Сваякі асуджаных удзельнікаў Плошчы вераць у іх мужнасць, а адвакаты абяцаюць абскардзіць прысуд.
5 траўня ў Кастрычніцкім судзе Мінска вынеслі прысуд чарговым удзельнікам Плошчы: Паўла Вінаградава і Алеся Кіркевіча асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Змітра Дразда, Андрэя Пратасеню і так званага “Навушніка” Уладзіміра Хамічэнку – на 3 гады. Пры гэтым суддзя Ала Булаш “супакоіла”, што ў іх ёсць магчымасць абскардзіць прысуд цягам 10 дзён у Мінскім гарадскім судзе.
Бацька Паўла Вінаградава Юрый Аляксандравіч упэўніў, што яны абавязкова будуць падаваць скаргу на рашэнне суддзі. Па яго словах, хоць як бацьку яму было і цяжка пачуць прысуд, але ён ганарыцца сваім сынам.
Юрый Вінаградаў: “Пакуль я, натуральна, вельмі моцна расстроены. Але я ганаруся сваім сынам. У сваім апошнім слове сын выказаў свае адносіны да гэтай улады, і я яго цалкам падтрымліваю. У інтэрнэце майго сына называюць “нязломны Вінаградаў”. Ён выйдзе і будзе змагацца з гэтай уладай!”
Сяброўка сям’і Алеся Кіркевіча Марыя Трафімава прасіла журналістаў пакуль не турбаваць жонку Алеся пытаннямі, але ўпэўніла, што дзяўчына – мужны чалавек і вытрымае годна гэтае выпрабаванне.
Марыя Трафімава: “Я думаю, што яна дастаткова моцны чалавек, каб гэта вытрымаць. Хоць гэта і вельмі цяжка – чатыры гады людзям за тое, што яны проста выйшлі і выказалі сваё меркаванне!”
Аляксандр Пратасеня, брат асуджанага Андрэя прызнаўся, што зараз баіцца браць у рукі тэлефон – давядзецца тэлефанаваць маці і паведамляць прысуд.
Аляксандр Пратасеня: “Цяжэй за ўсё гэта адбіваецца на бацьках. Мне зараз трэба будзе тэлефанаваць маці, які я вельмі не хачу рабіць. Бо я ведаю, якая будзе яе рэакцыя. Мне зараз трэба ехаць да яе і проста быць побач. Я спадзяюся, што яна гэта перажыве і гэта адаб’ецца на яе здароўі з мінімальнымі наступствамі”.
Назваўшы прысуд несправядлівым, Аляксей выказаў упэўненасць, што брат годна вытрымае зняволенне і выйдзе на волю такім жа сумленным чалавекам, якім быў да турмы.
Сябра Змітра Дразда літаратар Язэп Янушкевіч расказаў Еўрарадыё, што ў яго былі вялікія планы – ён збіраўся выдаць сваю кнігу і пачаць працу над чарговай. Пакуль гэтыя планы давядзецца адкласці. Але, кажа, ёсць спадзяванні, што Зміцер выйдзе крыху раней па амністыі.
Язэп Янушкевіч: “Я мяркую, што дзяржава яму яшчэ паўгода, а то і год, скасуе калі будзе чарговая амністыя. А ўсё астатняе – гэта бясспрэчна сумна”.
Адвакаты ўсіх падсудных на пытанні журналістаў адказваць не сталі, але проста ў калідоры суда зладзілі невялікую нараду. Пасля якой упэўнілі сваякоў асуджаных – прысуд кожнаму з пецярых будзе абскарджаны.
Фота: Зміцер Лукашук