Банкір аплаціў пінскай шахматыстцы паездку на чэмпіянат свету

Шахматыстка з Пінску Кацярына Бейненсон заняла трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы сярод шахматыстаў ад 8 да 18 гадоў. З такімі вынікамі дзяўчына мусіла ехаць у Бразілію, каб змагацца за званне чэмпіёнкі свету. Аднак у Беларускай федэрацыі шахмат свае правілы.

“Яна ўжо скарыстала сваё права на фінансаванне. Так як Бейненсон выкарыстала сваё права пераможцы ўдзельнічаць у чэмпіянаце Еўропы, то ёй ужо ніякіх фінансавых умоваў не было нададзена. Толькі адно спаборніцтва, ці то там, ці то там…”, - кажа супрацоўнік федэрацыі.

Ён наракае на тое, што бюджэт  цяпер узбагачаецца адно за кошт спонсараў. Дзякуючы ім, на чэмпіянат Еўропы ў Балгарыю ўдалося адправіць 15 шахматыстаў. А на чэмпіянат свету большасць едзе за свае сродкі.

Але Кацярына Бейненсон усё ж паляціць у Бразілію гуляць у шахматы. Праз матэрыял Еўрарадыё знайшоўся чалавек, які пагадзіўся даць грошы на паездку яе і трэнера.

“Сказаў, маўляў, давай дапаможам, я пагадзілася. Гэта спантанна атрымалася. Я з ім працую два гады, ён добры чалавек, але за гэтыя два гады – такі выпадак першы”, - кажа прадстаўніца спонсара.

Чалавек, які пагадзіўся дапамагчы дзяўчыне - прадстаўнік аднаго з банкаў. Сваё імя не называе. Кацярыну Бейненсон ён ніколі не бачыў, а сам не цікавіцца шахматамі. На спаборніцтвы ў Бразілію паехаць, на жаль, не зможа, бо шмат працы.

Трэнер Кацярыны Валерый Мандроўскі узгадвае яе гульню на чэмпіянаце Еўропы.

“З пераменным поспехам яна гуляла. Дзесьці паказвала добрую гульню, дзесьці – не вельмі шанцавала. Шанцуе, як правіла, мацнейшым, але там, у прынцыпе, усе аднолькава гулялі”.

Летась пінская шахматыстка ўжо выступала на чэмпіянаце свету і заняла 10-е месца. Трэнер Кацярыны добра ацэньвае яе шансы.

Дзяўчына цяпер рыхтуецца да чэмпіянату.

“Кожны дзень на трэніроўку, потым трэніруюся дома. У мяне вялікія драўляныя шахматы, падаравалі яшчэ калі я толькі пачала займацца”.


Кацярына грае ў шахматы з 7 гадоў. Некалі ў другім класе настаўнікі сказалі, што ў яе добра развітая логіка. Каця і запісалася на шахматы. Сёння яна ўжо не супраць, згуляць з сусветнымі зоркамі.

“Для цікаўнасці хацелася б згуляць з усімі моцнымі. З Каспаравым з Крамнікам”.


Сярод куміраў дзяўчыны – чэмпіён свету расіянін Уладзімір Крамнік і беларус Сяргей Жыгалка.

У падобнай сітуацыі, як і Кацярына Бейненсон, аказаўся і 12-ці гадовы шахматыст з Украіны. Яму таксама не хапала грошай, каб трапіць на чэмпіянат. Грошы яму збіралі ўсім Крэменскім раёнам. Жыхары пералічылі хлопцу свой аднадзённы заробак.

Чэмпіянат свету па шахматах сярод моладзі пройдзе ў Бразіліі з 17 па 27 лістапада.  Жадаем перамогі Кацярыне Бейненсон ды іншым гульцам з Беларусі.