Атакаваны сайт БАЖ
Старонка Асацыяцыі журналістаў стала чацвёртым незалежным рэсурсам, якія атакавалі ці ўзламалі за апошнія некалькі дзён.
Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў перастаў працаваць, як мяркуецца, з-за DDoS-атакі. На думку прэс-сакратара арганізацыі Барыса Гарэцкага, рэзкае павелічэнне заходаў, якога не вытрымлівае сервер, можа быць звязана з публікацыяй, прысвечанай атакам на іншыя незалежныя інтэрнэт-старонкі, што адбыліся ў апошнія дні.
Гарэцкі: “Атака пачалася прыкладна праз паўгадзіны пасля таго, як мы выставілі матэрыял “Чаму ўзломваюць незалежныя сайты?”. У дадзены момант спрабуем высветліць, адкуль ідзе атака”.
Нагадаем, у аўторак быў атакаваны сайт “Хартыя’97”, у чацвер хакеры ўзламалі “Беларускі партызан”, дзе пакінулі папярэджанне пра магчымы ўзлом іншых рэсурсаў, і праваабарончы сайт “Вясна”, на якім змянілі загалоўкі на супрацьлеглыя па сэнсе. Узлом адбыўся праз крадзеж альбо падбор пароляў адміністратарскай часткі рэсурсаў.
Фота — blamablum.ru