Асаблівасці беларускай журналістыкі на прыкладзе запыту пра Міхалка

120207 Malina Prakuratura.mp3

На пачатку года Еўрарадыё чарговы раз паспрабавала даведацца пра вынікі экспертызы выказванняў Сяргея Міхалка. І, як заўсёды, следчы пракуратуры Цэнтральнага раёну Мінска Аляксандр Бачыла, пакідае без каментарыяў. Аднак раіць даслаць афіцыйны запыт, маўляў, на яго адказ мы атрымаем абавязкова. Окей!

3 студзеня на імя генеральнага пракурора Аляксандра Канюка дасланы рэдакцыйны факс. А 18-га студзеня рэдакцыя атрымлівае адказ. Генеральная пракуратура паведамляе, што запыт... перанакіроўваюць у пракуратуру горада. Для гэтага рашэння ёй спатрэбілася два тыдні.

"Для разгляду звароту, калі не патрабуецца ніякіх дадатковых матэрыялаў, даецца 15 дзён ад моманту рэгістрацыі звароту ў гэтай арганізацыі, — расказвае пра тэрміны адказу прадстаўніца генпракуратуры. — То бок, калі меркаваць, што гэта кампетэнцыя пракуратуры горада, то з моманту паступлення вашага запыту з генеральнай пракуратуры яны павінны былі ў 15-дзённы тэрмін даць вам пісьмовы адказ".

Тут варта адзначыць, што тэрміны былі вытрыманыя! Еўрарадыё атрымлівае адказ ад гарадской пракуратуры ўжо 20 студзеня. Але вось незадача: у лісце паведамлялася, што запыт... дасылаецца на разгляд у пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінска, дзе праходзіць следства.

Так, яно і мусіла быць, падумала рэдакцыя і працягнула чакаць адказу. І не дарма! 2 лютага Еўрарадыё атрымлівае ліст ад пракурора Ленінскага (!) раёна сталіцы Ігара Украінца. Хоць чакалі адказу ад Цэнтральнага раёна. У лісце паведамляецца, што запыт Еўрарадыё накіроўваецца на разгляд... зноў у пракуратуру горада. Праўда, ўжо намесніку галоўнага пракурора Мінска.

"Што, па другім коле панеслася? — дзівяцца ў прэс-службе сталічнай пракуратуры. — Са мной жа пракурор цэнтральнага раёна стэлефаноўваўся, яны вырашалі, які даць адказ. Яны вам адказалі, што накіравалі ў пракуратуру горада? Ну, не ведаю, я не чуў пра гэта, таму нічога пракаментаваць вам не магу. На жаль".

З моманту звароту ў Генпракуратуру прайшло амаль 40 (!) дзён. Адказ не атрыманы. А зараз самае цікавае! Еўрарадыё даведалася, што крымінальную справу на Сяргея Міхалка вырашана... не заводзіць. Пра гэта гаворыцца ў лісце з пракуратуры Мінска, які атрымала адвакат музыканта.

"...з-за адсутнасці грамадска небяспечнага ўчынку, прадугледжанага крымінальным законам, — зачытвае ліст з пракуратуры прэс-сакратар "Ляпісаў" Аляксандр Бергер. — Тут напісана чысло 22.12.2011 года. Але мы атрымалі яго толькі праз месяц".

Такім чынам, рэдакцыйны запыт Еўрарадыё ў Генпракуратуру быў дасланы праз 12 дзён пасля прыняцця рашэння пра закрыццё справы Сяргея Міхалка! І ўвесь час пракуратура гэта ведала, але перанакіроўвала запыт на інстанцыях!??

Нагадаем, пракуратура — той дзяржаўны орган, які сочыць за прававой законнасцю у краіне.

Дарэчы, адказу на свой запыт Еўрарадыё працягвае чакаць ад любой пракуратуры.