Аляксей Дудараў: Будзе працяг "Белых Росаў"

Створаны кінасцэнар, вядзецца пошук сродкаў на кіназдымкі. Сам драматург задаволены працягам і перакананы, што і праз 30 гадоў лёс герояў будзе цікавым гледачу. У далучаным гукавым файле гукарэжысёр прыадкрывае таямніцу — слухай ў прайгравальніку справа.

Дудараў: "Пакуль што гэты праект прайшоў першы этап, быў напісаны сцэнар. Але гэта ўжо багата. Усе мае апаненты, усе, хто чытаў гэты матэрыял, ухвалілі яго. Галоўнае, што я сам задаволены гэтай працай, нягледзячы на тое, што такое са мной бывае вельмі рэдка. Думаю, што рана ці позна гэты сцэнар увасобіцца ў кіно і выйдзе на экраны, таму што гэта арганічны працяг першай часткі. У новым сцэнары паказана, што сталася з Белымі Росамі праз трыццаць год: узнікаюць новыя Белыя Росы".


Еўрарадыё: Скажыце некалькі словаў пра сюжэт працягу, пра лёс герояў.


Дудараў: "Гэты сцэнар публікаваўся і ў перыёдыцы, і кніжка з ім выйшла. Справа ў тым, што "Белым росам" не даюць жыцця. Андрэй Ходас, старэйшы сын з сям’і Ходасаў, перабраўся ў вёску, з якой яго ізноў высяляюць, таму што там плануецца забудова элітнага катэджнага пасёлка пад назвай “Белыя росы”. Яму прапаноўваюць кватэру ў горадзе, а ён супраціўляецца. Не хоча адлятаць з вёскі і бусел, які жыве на ссохлым дубе".


Еўрарадыё: Вы пішаце сцэнар пад канкрэтных актораў?


Дудараў: "Яны ў мяне перад вачыма стаяць: і дзейныя асобы, і тыя, што пайшлі з жыцця. Майму бацьку ў наступным годзе будзе сто гадоў. Так сталася, што і актор Санаеў, які граў ролю Фядоса, яго аднагодак. Таму гэты вобраз я блізка адчуваю. У Ходасаў з’явіліся ўнукі, ёсць сын і ў Сашкі. І вось яны збіраюцца на гэтым хутары, адкуль Андрэя збіраюцца высяляць, каб адзначыць стогадовы юбілей бацькі".


Еўрарадыё: Калі вы пішаце сцэнар, ці ёсць гарантыя, што грошы на здымкі фільма будуць?


Дудараў: "Я ўжо сваю справу зрабіў. Гэта не проста аповесць ці п’еса, гэта — кінааповесць. Гэта не такі ўжо вялікабюджэтны фільм, як і першыя “Белыя росы”. Там звычайнае жыццё, якім жывуць на нашых вуліцах, у нашых хатах, кватэрах. Але, самае галоўнае, для ўвасаблення гэтага матэрыяла патрэбны чалавек, які гэта душой усё адчуе, як гэта зрабіў Ігар Міхайлавіч".


Еўрарадыё: Нават не ўяўляю, хто з беларускіх рэжысёраў змог бы зрабіць варты працяг.


Дудараў: "Калі знойдзецца такі рэжысёр, адчуе, возьмецца і зробіць. А той, хто робіць не з душой, а для нейкіх меркантыльных рэчаў, ён проста пабаіцца. Таму што першая частка яго спалохае, бо другая павінна быць не горш. Я вельмі свята стаўлюся да творчасці, гэтым ня можна зарабляць грошы. Трэба сэрцам і душой гэта ўсё праспяваць, працягнуць песню, якую калісьці мы з Ігарам Міхайлавічам Дабралюбавым праспявалі. І праспяваць не горш, а калі атрымаецца, нават і лепш".


Еўрарадыё: Вы кажаце, што героі ў Вас перад вачыма. А месца дзеі ў вас ёсць перад вачыма?

Дудараў: "Гэты фільм трэба зняць у тых самых месцах, дзе здымаў “Белыя росы” Дабралюбаў. Яны цяпер іншыя — трыццаць гадоў мінула, аднак энергетыка засталася".