АГП адмовілі ў правядзенні пікета з-за прац, якія так і не пачаліся (фота)

Забарону пікета сталічныя улады патлумачылі працамі па будаўніцтве новых парковачных месцаў на заяўленым арганізатарымі месцы. І што працы гэтыя прызначаныя менавіта ў запланаваны для пікета дзень — 15 траўня. Але раніцай ля крамы “Радзівілаўскі” ў гэты дзень ніякіх прац не было. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька не паленаваўся спраўдзіць гэта на ўласныя вочы.

Анатоль Лябедзька: “Я сёння падчас ранішняй прабежкі не паленаваўся забегчы туды — свежапафарбаваныя бардзюры, свежая разметка для аўто... Ніякай ні тэхнікі, нічога! Проста махровая хлусня, якая ідзе ад гарадскіх уладаў”.

Нагадаем, да 15 траўня Аб’яднаная грамадзянская партыя запланавала шэраг пікетаў “За свабодныя выбары без Лукашэнкі”, як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Днямі стала вядома, што мясцовыя ўлады Брэста і Гомеля адмовілі заяўнікам у дазволе на пікетаванне. Тое ж адбылося і ў Мінску. У АГП усе прычыны адмоваў называюць штучнымі.