Адкупіцца ад размеркавання каштуе ад 19 да 40 мільёнаў
На пачатку навучальнага года Еўрарадыё даведалася, ці ўсе выпускнікі ўніверсітэтаў паехалі працаваць па размеркаванні.
Пытаемся ў рэктараце БНТУ: “Ці былі тыя, хто не пажадаў працаваць на знойдзеным універсітэтам месцы”?
“Былі. Некаторыя захацелі выплаціць грошы. Але іх колькасць невялікая — 20 чалавек на 3 тысячы выпускнікоў”.
Цяпер гэтыя выпускнікі мусяць выплаціць дзяржаве ад 30 да 40 мільёнаў рублёў у залежнасці ад факультэта і стыпендыі, якую атрымліваў студэнт. Менавіта столькі, паводле разлікаў універсітэта, было патрачана на навучанне студэнта-бюджэтніка. Калі малады спецыяліст вяртае грошы, то ён вяртае ўсе стыпендыі, аплату за інтэрнат і нават канцылярскія тавары, мяккі інвентар, працу пазаштатных супрацоўнікаў, камунальныя паслугі.
Найчасцей выпускнікі кампенсуюць гэтыя выдаткі добраахвотна. Калі ж адмаўляюцца плаціць, справу вырашае суд.
“Як правіла людзі выязджаюць за мяжу ці знаходзяць працу, якая вельмі добра аплачваецца”, — расказваюць ва ўніверсітэце і дадаюць, што сёлета большасць студэнтаў БНТУ размеркаваліся ў Мінск.
У БДУ пакуль не кажуць пра тых, хто не даехаў да першага месца працы. Маўляў, на сёння ўсе прыехалі, але дакладна будзе вядома толькі ў кастрычніку. Калі ж адмовіцца ад абавязковага размеркавання, трэба выплаціць каля 40 мільёнаў, у залежнасці ад факультэта. Атрымліваецца, што вучыцца платна танней, чым вяртаць потым грошы за тое, што адмовіўся ад размеркавання. Напрыклад, самы дарагі факультэт у БДУ, Міжнародныя адносіны, каштуе 7,5 мільёнаў за год. Адпаведна, 37,5 мільёнаў — за 5 гадоў. І ніякага размеркавання!
У БАТУ сёлета знайшлося двое “ўхілістаў”.
“Адзін чалавек будзе аддаваць сродкі і не хоча прыступаць да працы. Вырашаецца, можа, будзе яшчэ адзін такі, — гавораць у Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце. — Верагодней за ўсё, знайшоў больш прыбытковую працу, а можа не захацеў з’язджаць з Мінска, бо мы рыхтуем спецыялістаў для гаспадарак”.
Каб адкупіцца ад размеркавання пасля БАТУ, трэба аддаць ад 32 да 37 мільёнаў рублёў. У мінулым годзе сітуацыя была горш, гавораць ва ўніверсітэце. Тады грошы дзяржаве выплаціла больш выпускнікоў, чым летась.
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка таксама не ўсе адправіліся па размеркаванні.
“Чалавек вырашыў, што гэта не яго прафесія, у яго іншыя планы. Таму ён шчыра кажа, што ў яго іншыя жыццёвыя планы і лепей яму выплаціць грошы”, — кажа начальнік аддзела кадраў Валерый Алавяннікаў.
Такіх выпускнікоў у гэтым годзе ў БДПУ двое. Яны вінныя дзяржаве за бясплатную адукацыю ад 19 да 23 мільёнаў, у залежнасці ад факультэта і стыпендыі. Агулам па размеркаванні ад БДПУ мусіла працаваць 869 чалавек. З іх 48 паступілі ў магістратуру.
Ёсць выпускнікі, якіх цалкам задавальняе праца па размеркаванні.
“Літаральна нядаўна мне прывезлі новы камп’ютар, новы стол. Цалкам абсталяванае працоўнае месца. Мне выдзелілі пакой у інтэрнаце”, — гаворыць выпускніца Інстытута журналістыкі БДУ Ася Паплаўская. Па размеркаванні яна з’ехала з Мінска. Цяпер працуе ў газеце “Асіповіцкі край”.
Фота: rb7.ru