Ад панядзелка, 28 лістапада, чыноўнікам абмежавалі інтэрнэт

111130 Lukashuk Spisy_0.mp3

Больш як праз паўтары гады пасля падпісання кіраўніком краіны адпаведнага ўказа дзяржава нарэшце ўзялася за “ўдасканальванне выкарыстання нацыянальнага сегмента сеціва інтэрнэт”. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў “Белтэлекаме”.

Прэс-служба “Белтэлекама”: “Дзеля выканання ўказа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2010 года №60 “Аб мерах па ўдасканальванні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеціва інтэрнэт” РУП “Белтэлекам” з 28 лістапада 2011 года ўвяло абмежаванні на выкарыстанне беларускага сегмента сеціва інтэрнэт у дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый”.

Якім чынам чыноўнікі будуць абмяжоўваць сваім калегам з дзяржустаноў доступ да пэўных рэсурсаў і што гэта за сайты, у “Белтэлекаме” казаць адмаўляюцца. Супрацоўніца прэс-службы ўпэўнівае, што сама "чорнага" спісу не бачыла.

Як апынулася, сайт можа патрапіць у спіс забароненых вельмі проста. Паводле словаў кіраўніка прэс-службы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Элы Чазавай, любы грамадзянін можа звярнуцца з такой прапановай да шмат якіх дзяржаўных устаноў.

Эла Чазава: “Любы грамадзянін можа звярнуцца ва ўпаўнаважаныя органы: пракуратура, МУС, Мінінфармацыі, суд — яны прымаюць рашэнне, ці адносіцца сайт да тых, да якіх трэба абмяжоўваць доступ. Калі вырашаюць, што з’яўляецца — накіроўваюць паведамленне ў нашу арганізацыю БелДІЭ (Беларуская дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі — Еўрарадыё)”.

Адтуль інфармацыя ідзе да аператараў інтэрнэт-сувязі, і ўжо яны займаюцца абмежаваннем. Прэзідэнцкі ўказ пачалі выконваць з 28 лістапада.

Эла Чазава: “Белтэлекам” і іншыя арганізацыі мусілі ў адпаведнасці з указам з 28 лістапада абмежаваць доступ дзяржарганізацый і дзяржорганаў да пэўных сайтаў. Абсалютна ўсе дзяржарганізацыі і дзяржорганы зараз абмежаваныя ў доступе”.

Чыноўнік упэўнівае, што спіс забароненых сайтаў ёсць у адкрытым доступе на старонцы Дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі. Там сапраўды ёсць такі раздзел: “Спісы абмежаванага доступу”. Толькі яны — пустыя. Чаму — тлумачыць супрацоўнік інспекцыі Андрэй Сіліч.

Андрэй Сіліч: “Нам КДБ і МУС скідваюць забароненыя рэсурсы і на падставе чаго іх забаранілі. І калі гэты рэсурс афіцыйны, зарэгістраваны ў Беларусі — ён трапляе ў адкрыты спіс, а калі не зарэгістраваны — то ў закрыты. А да гэтага спісу маюць доступ толькі правайдары”.

Як даведалася Еўрарадыё, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце сочыць за тым, ці абмяжоўваюць правайдары доступ сваіх кліентаў да забароненых сайтаў. Але кіраўнік прэс-службы ААЦ Аляксандр Філіпаў заяўляе, што яны не маюць дачынення да складання спісу забароненых сайтаў, і ўвогуле ён гэты спіс нават не бачыў!

Еўрарадыё: “Праз вас, можа, праходзілі гэтыя спісы? Ці, можа, вы іх хаця б бачылі?”

Аляксандр Філіпаў: “Не, абсалютна — не!”

І толькі гендырэктар УП “Надзейныя праграмы” Юрый Зісер бачыў гэты спіс на ўласныя вочы.

Юрый Зісер: “Партызан”, “Хартыя” і Ліпковіч — гэта такія, якія можна аднесці да СМІ. Усе астатняе — сайты двух накірункаў: альбо гэта сайты тэрарыстычныя, мусульманскія, у назве якіх ёсць словы “джыхад”, “муслім” і гэтак далей, альбо гэта наша мясцовае, беларускае порна. Накшталт “Мінск-гёрлз” які-небудзь”.

Зісер упэўнены, што ўказ пры складанні гэта спісу выкарыстоўваецца правільна, ён патрэбны. Але факт унясення ў спіс  "Партызана", "Хартыі" і блога Ліпковіча сведчыць аб палітычным яго прымяненні.

Юрый Зісер: “Нельга сказаць, што гэты ўказ выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Ён выкарыстоўваецца ў правільных мэтах. А тры сайты з 35 — гэта не паказчык”.

І дадае, што хутка Беларусь набудзе еўрапейскія спісы забароненых сайтаў. А там — сотні тысяч рэсурсаў.