"АБФФ-Путешествие": Не пускаць Барсу да фанатаў загадала кіраўніцтва клуба
Фанатаў “Барселоны” не пусцілі да футбалістаў у аэрапорце, бо так пажадала кіраўніцтва каталонскага клуба.
Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў агенцтве “АБФФ-Путешествие”, якое займаецца арганізацыяй прыезду замежнай каманды.
“У іх ёсць кіраўніцтва клуба, якое забараняе пэўныя рэчы. Яны ж не самі па сабе — што хачу, тое і раблю... У іх ёсць пэўны графік. Яны падпарадкоўваюцца пэўным указанням”, — адзначыла прадстаўніца агенцтва.
Між тым, на прэс-канферэнцыі трэнер “Барселоны” Хасэп Гвардыёла на пытанне пра інцыдэнт у аэрапорце адказаў, што каманда ніяк не магла паўплываць на сітуацыю.
Гвардыёла: “Мы ніяк не маглі паўплываць на сітуацыю. Сэнс у тым, што калі мы прыляцелі, нам сказалі: “Хлопцы, ідзіце за намі, выходзьце за намі, сядайце ў аўтобус”. Мы так і зрабілі”.
Нагадаем, “Барселона” прыляцела ў Мінск 27 верасня. Аматары чакалі іх каля трох гадзінаў, але ўбачыць футбалістаў так і не змаглі. Сёння БАТЭ сыграе з “Барселонай” на мінскім стадыёне "Дынама". Усе квіткі на матч прададзеныя.