Расіяніна Аляксея Маскалёва экстрадзіравалі з Беларусі

Аляксей Маскалёў / AP Photo
Расіяніна Аляксея Маскалёва, якога затрымалі ў Мінску напрыканцы сакавіка, экстрадавалі ў Расею. Пра гэта тг-канал "ОВД-Инфо" даведаўся ад беларускага адваката, які спрабаваў сустрэцца з Маскалёвым у жодзінскай турме 12 красавіка.
Як распавядала Еўрарадыё, за антываенныя каментары ў сацсетках Маскалёва ў Расіі асудзілі на два гады пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў дыскрэдытацыі расійскага войска. Перад абвяшчэннем прысуду ён уцёк з-пад хатняга арышту. Затрымалі яго праз дзень у Мінску. Мяркуецца, што гэта адбылося пасля таго, як ён уключыў мабільны тэлефон.
Напярэдадні стала вядома, што больш за 30 антываенных і праваабарончых праектаў звярнуліся да ўладаў Еўрасаюза з просьбай не дапусціць экстрадыцыі Маскалёва ў Расію. Але гэтая просьба нічым не дапамагла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.