Прысуд забойцы гандбаліста Лукашука пакінулі без зменаў

Прысуд забойцы гандбаліста Лукашука пакінулі без зменаў

Мінскі гарадскі суд пакінуў без зменаў прысуд у дачыненні Максіма Урубухава, якога абвінавачваюць у ненаўмысным забойстве гульца гандбольнага клуба “СКА-Мінск” і сябра зборнай Беларусі па гандболе Рамана Лукашука.

Як паведамляе БЕЛТА, ураджэнец Барысава 1988 года нараджэння Максім Урубухаў быў прызнаны вінаватым у наймысным нанясенні цяжкага цялеснага пашкоджання, здзейсненага з хуліганскіх пабуджэнняў і якое пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць пацярпелага. Паводле ч.3 арт.147 КК Беларусі Урубухаў асуджаны да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У 2015 годзе суд Маскоўскага раёна сталіцы вынес барысаўчаніну такі самы прысуд, аднак Вярхоўны суд пазней накіраваў справу на перагляд. У выніку прысуд застаўся без зменаў.

Інцыдэнт, які стаў прычынай смерці гандбаліста Рамана Лукашука, адбыўся 7 верасня 2014 года. Раніцай таго дня каля аднаго са сталічных клубаў завязалася бойка. Спартсмен атрымаў цяжкую траўму пазваночніка і быў шпіталізаваны. Праз тыдзень, 14 верасня, ён памёр.