Польшча будзе збіваць ракеты і паветраныя аб'екты ў сваёй прасторы — Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі / WP Wiadomosci

"Калі іншая ракета ці паветранае судна ўвойдзе ў нашую паветраную прастору без дазволу — наўмысна ці "памылкова" — і будзе збіта, і абломкі ўпадуць на тэрыторыю NATO, калі ласка, не прыходзьце сюды скуголіць пра гэта. Вас папярэдзілі".

Такое папярэджанне для Расіі абвясціў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на пасяджэнні Савета бяспекі ААН. Яно было скліканае ў сувязі з тым, што расійскія знішчальнікі парушылі паветраную прастору Эстоніі.

Звяртаючыся да расійскай дэлегацыі, Сікорскі заявіў, што іх краіна не можа жыць у міры з суседзямі і іх не хвалюе міжнароднае права.

"Ваш шалёны нацыяналізм утрымлівае прагу панаваць, якая не спыніцца, пакуль вы не зразумееце, што час імперый прамінуў і што вашая імперыя не будзе адноўленая. Кожны ўдар дронаў, запушчаных героямі Узброеных сілаў Украіны — хай дабраславіць іх Бог! — набліжае гэты дзень", — заявіў польскі міністр.

Прадстаўнік ЗША ў ААН Майкл Уолц на пасяджэнні Савета бяспекі ААН заявіў, што Злучаныя Штаты разам з саюзнікамі будуць абараняць "кожную цалю" тэрыторыі краін-удзельніц NATO.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.