Памёр Іосіф Навумчык

Рыгор Барадулін і Іосіф Навумчык / фота з ФБ-акаўнта Сяргея Навумчыка
У Віцебску ва ўзросце 86 гадоў памёр грамадскі дзеяч Іосіф Навумчык. Пра гэта ў сацсетках напісаў яго сын журналіст Сяргей Навумчык.
У савецкі час Іосіф Навумчык быў кіраўніком Віцебскага абкама Кампартыі Беларусі. Спрыяў развіццю беларускай культуры. Падчас перабудовы стаў адным з заснавальнікам Таварыства беларускай мовы (ТБМ), віцебскую філію якога ўзначальваў два дзесяцігоддзі.
"Тата належаў да вельмі вузкага кола кіраўнікоў, якія мелі тое, што сёння мы называем нацыянальнай свядомасцю. Вузкага настолькі, што пералік іх імёнаў змесцяцца ў два радкі, калі ўвогуле не адзін. У 20-х, 30-х гадах і пазней усё нацыянальнае ў сферы эліты было вынішчана; у суседняй Літве гэты працэс пачаўся на адно пакаленне пазней — магчыма, таму там Бразаўскасы і выйшлі на першыя афіцыйныя пазіцыі і зрабілі тое, што мусілі зрабіць.
У гуманітарным сэнсе ягоная бясспрэчная заслуга — выратаванне тысяч жыццяў, бо ў якасці дарадцы ЦК КПСС у Кабуле ён быў адным з тых, хто паўплываў на рашэнне Гарбачова і Палітбюро вывесці войскі з Афганістана. У нацыянальным — спрыянне беларускім пісьменнікам, у прыватнасці, пастаноўцы ў 70-я на сцэне Коласаўскага тэатра п’есаў Караткевіча "Званы Віцебска" і "Кастусь Каліноўскі", а таксама стварэнне цэлай сеткі арганізацый ТБМ на Віцебшчыне", — піша Сяргей Навумчык пра свайго бацьку.
Іосіф Навумчык пакінуў успаміны пра кіраўніцтва БССР апошняга савецкага дзесяцігоддзя, якія сын плануе апублікаваць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.