Палітзняволеную Алену Гнаук асудзілі на тры з паловай гады калоніі
Суд Пружанскага раёна асудзіў 65-гадовую палітзняволеную Алену Гнаук на тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. Таксама яна павінная выплаціць штраф у 3200 рублёў (100 базавых велічыняў). Як паведмляюць праваабаронцы, рашэнне вынес суддзя Юрый Жытко.
Алену Гнаук прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Нагодай сталі яе восеньскія пасты ў Фэйсбуку і Інстаграме пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.
Па "карагоднай справе" Гнаук ужо асудзілі на тры гады "хатняй хіміі". З 2020 года жанчыну затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы. Цяпер яна ўжо пяць месяцаў сядзіць пад вартай.