Палітвязню Сяргею Франчуку дадалі яшчэ паўгода зняволення

Сяргей Франчук / spring96.org
Палітвязню Сяргею Франчуку дадалі яшчэ паўгода зняволення. На гэты раз яго прызналі вінаватым у "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). Як пішуць праваабаронцы, справу Франчука ў студзені разглядаў суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска. Суддзя Андрэй Літвін прызначыў палітвязню не толькі шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі, а і штраф — 2000 рублёў.
Сяргей Франчук — стрыечны брат Вадзіма Кабанчука, прадстаўніка АПК Беларусі па абароне і нацбяспецы, былога намесніка камандзіра палка Каліноўскага. Яго затрымалі летам 2022-га (пры гэтым моцна збілі) і спачатку прысудзілі 15 сутак арышту — нібыта за "непадпарадкаванне". Пасля ўзнікла крымінальная справа.
Вясной 2023-га Мінскі гарадскі суд (суддзя — Яўген Пісарэвіч) асудзіў Франчука на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у "абразе Лукашэнкі", "абразе прадстаўніка ўлады", "распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы", а таксама ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". У ліпені таго ж года суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска (суддзя — Вольга Серакова) асудзіў палітзняволенага за "абразу Лукашэнкі" на паўгода калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.