Палітвязнямі ў Беларусі прызналі двух украінцаў і аднаго паляка

Шэсць новых палітвязняў у Беларусі / pixabay.com
Праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ шэсць чалавек. Гэта Сямён Акула, Ежы Жывалеўскі, Міхаіл Сталярчук, Дзмітрый Гудзік, Руслан Лабанак, Арцём Вайцяховіч, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
На сёння ў Беларусі налічваецца 1500 палітвязняў.
Сярод палітвязняў — тры замежнікі. Паляка Ежы Жывалеўскага і грамадзян Украіны Міхаіла Сталярчука і Дзмітрыя Гудзіка судзілі закрытымі судамі паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць).
Сямён Акула асуджаны за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту (ч. 1 арт. 342 КК — групавыя дзеннні, якія парушаюць грамадскі парадак) і ўнясенне недакладных даных у ведамасную і статыстычную справаздачнасць, што выклікала недаплату абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт (ч. 2 арт. 216 КК — нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу). Як адзначаюць праваабаронцы, другое злачынства не з'яўляецца цяжкім, і мужчыну маглі прызначыць пакаранне, не звязанае з абмежаваннем волі, калі б не ўдзел у акцыях пратэсту.
Руслан Лабанак асуджаны закрытым судом па абвінавачанні ў дачы хабару (арт. 431 КК) і здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК). Праваабаронцы звяртаюць увагу, што на практыцы з 2020 года другое абвінавачанне даецца адвольна.
Непаўналетні Арцём Вайцяховіч узяты пад варту па абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 208 КК (вымаганне). Хлопца трымаюць у следчым ізалятары. Яго брат Сяргей — адміністратар пратэснага тэлеграм-канала "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі". Ад адміна тг-канала патрабуюць спыніць дзейнасць за вызваленне брата.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.