Палітвязня Анджэя Пачобута на паўгода адправілі ў ПКТ

Анджэй Пачобут на судзе

Анджэй Пачобут на судзе

Журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута зноў на паўгода адправілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу).

Як паведамляе БАЖ, гэта адбылося яшчэ 23 жніўня. Палітзняволенаму журналісту ўзмацнілі пакаранне да лютага 2026 года.

У верасні з Пачобутам зноў на працяглы час перапынялася ліставанне. Па гэтым можна меркаваць, што яго змяшчалі ў штрафны ізалятар, дзе вязням не дазваляюць нават лісты. Палітвязень таксама не атрымлівае ні рэчавых, ні харчовых перадач, а ў ПКТ увогуле ўрэзанае харчаванне.

Раней паведамлялася, што 23 верасня Пачобуту дазволілі сустрэчу з кіраўніцай неафіцыйнага Саюза палякаў Анжалікай Борыс. Яна расказала, што палітвязень правёў тыдзень у шпіталі, яму рабілі аперацыю на скуры.

БАЖ удакладняе, што Пачобуту выдалялі фурункулы. Дакладна невядома, ці гнойную аперацыю рабілі ў шпіталі, ці ў медчастцы калоніі. Хутчэй за ўсё, з калоніі Пачобута не вывозілі, мяркуе крыніца БАЖ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.