Пад Калінкавічамі знайшлі мёртвым таксіста, яго машыну падпалілі

У вёсцы пад Калінкавічамі знайшлі мёртвым кіроўцу таксоўкі. Як паведамляе прэс-служба Гомельскай абласной міліцыі, сёння каля 8:00 паступіла паведамленне, што ў лясным масіве ў канцы вуліцы Лясной у Калінкавічах гарыць таксоўка. На месца выехала аператыўная група.
Пакуль выратавальнікі тушылі пажар, міліцыя спрабавала стэлефанавацца з кіроўцам, але той не адказваў. Яго сталі шукаць. Падчас праверкі вёскі Гулевічы знайшлі цела таксіста 1959 года нараджэння.
Пазней затрымалі падазраванага ў здзяйсненні злачынстваў. Гэта беспрацоўны 26-гадовы жыхар райцэнтра, які не меў судзімасцяў, але неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці.
Следчыя высвятляюць акалічнасці здарэння.