Пад Гродна больш за 300 "маржоў" адзначылі Вадохрышча (фота)

19 студзеня на Юбілейным возеры каля выратавальнай станцыі пад Гродна адзначылі Вадохрышча. Больш за 300 "маржоў" акунуліся ў ледзяную ваду. Яшчэ больш людзей прыйшлі паглядзець на купальшчыкаў. Гэта былі прадстаўнікі розных канфесій, нацыянальнасцяў і узростаў. Месца купання на возеры давялося абгарадзіць дзеля бяспекі з-за вялікай колькасці вернікаў.

Па традыцыі перад абмываннем здзейснілі малебен і асвяцілі ваду праваслаўны і каталіцкі святары. На беразе дзяжурылі медыкі, ратавальнікі. Паводле слоў апошніх, тэмпература паветра складала каля мінус 3 градусаў, вады — плюс 2 градусы. Вайскоўцы падрыхтавалі намёты для пераапранання і абагрэву, кашу і гарачую гарбату на палявой салдацкай кухні.

Адзначым, што сёлета традыцыйныя масавыя купанні правялі ў сёмы раз.

Ратавальнікі сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята.