Пачалося банкруцтва клуба, які тройчы быў чэмпіёнам Беларусі

Эмблема ФК "Шахцёр"

Эмблема ФК "Шахцёр" / shakhter.by

Пачалася працэдура банкруцтва футбольнага клуба "Шахцёр" з Салігорска. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве.

"Шахцёр" быў заснаваны ў 1961 годзе. У найноўшы час гэта была адна з наймацнейшых камандаў Беларусі. Клуб тройчы быў чэмпіёнам краіны і столькі ж разоў здабываў Кубак Беларусі, неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных гульнях.

У 2022 годзе "Шахцёр", атрымаўшы званне чэмпіёна Беларусі, трапіў у скандал. Выявілася махлярская схема з падтасоўваннем вынікаў сустрэчаў і подкупам. Каманду пазбавілі залатых медалёў — упершыню ў гісторыі Беларусі. Прысуды топ-менеджарам "Шахцёра" вынеслі ў 2024 годзе: экс-дырэктару Аляксандру Марчанку прысудзілі 6 гадоў калёоніі, адказнаму за працу з заўзятарамі Яўгену Култаеву — 7 гадоў.

Як вынікае з матэрыялаў справы аб банкруцтве, салігорскі клуб запазычыўся крэдыторам 16 мільёнаў рублёў.

У сакавіку клуб быў расфармаваны. Пазней паведамлялася, што ў Салігорску стварылі новую каманду, якая будзе ўдзельнічаць у другой лізе беларускага чэмпіянату.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.