Незалежныя эксперты ААН раскрытыкавалі карную псіхіятрыю ў Беларусі

Медыцына, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Дзясяткі апанентаў рэжыму Лукашэнкі пасля выбараў 2020 года былі асуджаныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Пра гэта заявілі незалежныя эксперты ААН па правах чалавека, перадае DW.
Даклад склалі 20 экспертаў, якія прызначаюцца Радай ААН па правах чалавека, але не выступаюць ад імя гэтай арганізацыі. Паводле іх, вядомыя прынамсі 33 выпадкі, калі суды прызначалі прымусовае псіхіятрычнае пакаранне. Сярод тым, каму вынеслі такі прысуд, пяць жанчын, а самаму пажылому чалавеку, якому прызначылі такое пакаранне, было 77 гадоў.
Эксперты падкрэсліваюць непразрыстасць працэсу пераводу асуджаных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Яны кажуць, што цяжка вызначыць, якімі матывамі кіраваліся пры вынясенні такіх рашэнняў — медыцынскімі ці палітычнымі.
Суды, на якіх прызначаюць прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, адбываюцца за зачыненымі дзвярыма, а пацярпелых трымаюць без сувязі са знешнім светам "пад неабмежаванай уладай галоўнага лекара". У адрозненен ад вязняў у турмах і калоніях, гэтыя людзі пазбаўленыя волі на няпэўны тэрмін і не могуць прасіць аб памілаванні ці ўмоўна-датэрміновым вызваленні.
Эксперты ААН адзначаюць, што на цяперашні час ім вядома пра вызваленне васьмі чалавек, якім прызначылі прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Яшчэ як мінімум 25 беларусаў застаюцца без сувязі са знешнім светам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.