"Лекар у цяперашняй парадыгме абавязаны быць у палітыцы". Чаму медыкі співаюцца?

Лекары п'юць і гэта не нармальна / unsplash.com
Чаму лекары п'юць і часта робяць гэта нават на працоўных месцах, нягледзячы на законы, забароны і патэнцыйную небяспеку для пацыентаў?
Вось некаторыя гісторыі, якімі падзяліліся беларускія медыкі пасля публікацыі артыкула пра “п'яныя бальніцы”.
Адсутнасць лекаў і анестэзіі
— Лекар, калі ён ЛЕКАР, у цяперашняй парадыгме павінен быць у палітыцы. Патлумачу: адсутнасць лекаў (чаму раптам) — палітыка, 36 гадзін дзяжурства (чаму раптам) — палітыка. Няма абсталявання ў аперацыйнай, няма анестэзіі, няма акумулятараў для дэфібрылятара (чаму раптам) — палітыка і г.д. Я ўсё гэта вёў да таго, што калі гэта сапраўдны лекар, то ён часцей можа піць яшчэ і таму, што ведае, як і чым, але не можа дапамагчы.
Недахоп медсясцёр яшчэ ў 2000-х
— Я кажу пра 2000-я гады. У нас заўсёды быў недахоп медсясцёр. Галоўнай прычынай пачуцця безнадзейнасці і жадання выпіць была не сама праца. Пілі ў асноўным не "зялёныя" дзяўчынкі, якія баяцца памыліцца і стамляюцца ад асваення ўсяго новага, а тыя, хто пачынаў разумець усе дэталі, усведамлялі, што могуць аказаць дапамогу, быць жыццёва неабходнымі для пацыента. Тады і з'яўлялася "зорная хвароба" — адчуванне, што ты паўбог і што ўсё пад кантролем, а ад таго, што ты вып'еш, горш не стане…
Традыцыя піць па святах і выгаранне
— На 8 Сакавіка і дні нараджэння засталася практыка — бутэлька шампанскага на калектыў і торт з раніцы. І па вялікім рахунку, усім было пляваць на забароны і пастановы. Проста людзі эмацыйна выгаралі: мала таго, што на працы, дык яшчэ і ў жыцці — праз увесь гэты бардак.
Праца у транспланталогіі
— Ведаю, што вельмі моцна співаліся мае калегі, медсёстры, калі мы працавалі ў транспланталогі. Спачатку гэта была менавіта псіхаэмацыйная негатоўнасць людзей. Медсёстры, якія прапрацавалі шмат гадоў, сталі співацца — нармальныя жанчыны, у якіх былі сем'і, дзеці-старшакласнікі ці ўжо студэнты. Людзі не маглі зразумець, як сябе паводзіць менавіта з укараненнем вось гэтага вось інстытута транспланталогіі.
Да Еўрасаюза ў Польшчы было тое ж самае
— Жыву зараз у Польшчы і самае цікавае, што тут было тое ж самае. Старыя хірургі расказваюць, як бухалі з сёстрамі на блоку. Усё стала мяняцца з прыходам Еўрасаюза і ўвядзеннем правіл. Аднак грае ролю і заробак. Цяпер настолькі добра атрымліваюць, што вельмі баяцца страціць рэпутацыю, таму што з рэпутацыяй алкаша цябе не возьмуць на працу. Тут усё імкнуцца вучыцца і асвойваць новыя метады. Так што, як ні дзіўна, бойку з алкагалізмам на працы трэба пачынаць з падвышэння заробкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.