Немцам нагадалі пра беларускую цыбулю ад Ёрга Дорнау
Акцыя мастака hutkasmachnaa / з акаўнту @hutkasmachnaa ў Інстаграме
У Берліне адбылася акцыя, мэтай якой было нагадаць немцам пра рэгіянальнага дэпутата Ёрга Дорнау і беларускіх палітвязняў. Зладзіў яе мастак hutkasmachnaa.
"Калі раптам вы адчулі, што вашыя слёзы сталі занадта горкія — мабыць, уся справа ў беларускай цыбулі ад Ёрга Дорнау з AfD", — напісаў мастак на ўлётках па-нямецку і па-беларуску. Гэтыя ўлёткі ён размясціў на паліцах з цыбуляю ў крамах, а таксама на вулічных слупах.
Ёрг Дорнау — дэпутат саксонскага парламента ад правапапулісцкай партыі AfD і сузаснавальнік беларуска-нямецкай кампаніі "Цыбулька-Бел". Як высветлілі журналісты, на яго цыбульныя платнацыі пад Лідай рэгулярна прывозяць працаваць беларускіх вязняў, у тым ліку палітычных.
Калі інфармацыя пра гэта з'явілася ў СМІ, ад Дорнау паспяшаліся адмовіцца нават яго паплечнікі па партыі.