“Народнае апалчэнне” прыходзіла галасаваць з аўтаматамі праз плячо”
Як праходзіў "рэферэндум" у Данецку і Луганску, і чаго ад яго чакаюць людзі, Еўрарадыё цікавіцца ў мясцовых жыхароў гэтых рэгіёнаў.
У нядзелю ў Данецкай і Луганскай “народных рэспубліках” прайшлі “рэферэндумы”. Паводле звестак арганізатараў рэферэндуму, аддзяленне Луганскай і Данецкай абласцей па папярэдніх выніках падтрымалі да 90% выбаршчыкаў пры яўцы больш за 80%. Кіеўскія ўлады сцвярджаюць, што ў Луганску ў "рэферэндуме" ўдзельнічала 24% з тых, хто мае права галасаваць, у Данецку — крыху больш 32%.
Што насамрэч адбывалася на ўчастках для галасавання ў мяцежных рэгіёнах Украіны, Еўрарадые даведваецца ад непасрэдных удзельнікаў рэферэндуму.
Максім Асоўскі жыве ў мястэчку Лісічанск побач з Луганскам. Але ў дзень галасавання быў у сталіцы самаабвешчанай “народнай рэспублікі”. Здолеў без праблем прагаласаваць не “па месцы жыхарства”.
Максім Асоўскі: “Мяне проста ў спіс унеслі на адным з участкаў, і я прагаласаваў — ніякіх заяў не пісаў, нічога. І я на сто адсоткаў упэўнены, што калі б я па некалькіх участках праехаўся, то мог бы на кожным з іх прагаласаваць”.
Што да актыўнасці людзей, то лічбы Максіма адрозніваюцца і ад названых луганскімі ўладамі, і ад тых, што называюць кіеўскія.
Максім Асоўскі: “Адсоткаў 30, можа быць, 40% у Луганску прагаласавала. Гэта я магу сцвярджаць дакладна, бо потым мая знаёмая пайшла на пералік на адзін з самых буйных участкаў, і там толькі 30% яўкі было па спісах. Шмат у каго ў горадзе я цікавіўся, і большасць казала: “Ні на які рэферэндум мы не ідзём”. Галасавалі людзі гадоў па 40-50, бабулі з дзядулямі пенсійнага ўзросту — моладзь галасаваць не хадзіла. З аўтаматамі прыходзілі галасаваць — “народнае апалчэнне”. Проста з аўтаматам праз плячо прыйшоў, прагаласаваў і пайшоў”.
Прымусу ў дзень галасавання, каб людзі ішлі на ўчасткі, адзначае суразмоўца Еўрарадыё, не было. Не было ў горадзе ні ўзброеных патрулёў так званых апалчэнцаў, ні міліцэйскіх нарадаў, ні прэсы — украінскай дакладна. На ўласныя вочы Максім не пабачыў ніводнай відэакамеры ў Луганску за ўвесь дзень. Затое звярнуў увагу на ўзровень падрыхтаванага за два дні рэферэндуму.
Максім Асоўскі: “На некаторых участках былі спісы выбаршчыкаў, а на некаторых іх не было. Не было кабін для галасавання, і людзі галасавалі там жа, дзе ім выдавалі бюлетэні — проста на стале. Што да бюлетэняў, то некаторыя былі з “мокрымі” пячаткамі, некаторыя — ксеракопіі з пячаткамі, а некаторыя і ўвогуле без пячатак. У камісіі большасць былі тыя, хто ніколі не працаваў на выбарах. Ім проста расказалі, як і што, але яны ні заканадаўчай базы ўкраінскай не ведаюць, ні як гэта ўвогуле праходзіць”.
Пра агульныя настроі мясцовых жыхароў Максім Асоўскі кажа, што пераважная большасць супраць аддзялення, а тым больш супраць уваходжання ў склад Расіі. Яны за большую самастойнасць у складзе Украіны.
Іншыя настроі ў Данецкай вобласці, сцвярджае жыхар Горлаўкі Канстанцін.
Канстанцін: “Мы ж ствараем Данецкую народную рэспублікі і спадзяёмся, што Расія нас прыме ў свае харошыя рукі. Бо тут, з Украінай, рабіць ужо больш няма чаго”.
Абурае мясцовых жыхароў, распавядае Еўрарадыё жыхар Горлаўкі, і дрэннае стаўленне да ўсходніх рэгіёнаў новай кіеўскай ўлады і “западэнцаў”, і тое, што адна толькі Горлаўка карміла тры вобласці Западнай Украіны, і што пасля Майдана кошты на ўсё страшна выраслі, а вось у Крыме — як у раі.
Канстанцін: “У Крыме людзе ўсе задаволеныя, там выраслі пенсіі. Мінімалка ў бабулі была, ёй плацілі як “дзіцяці вайны” 1800 грывен. А на наступны месяц паслы ўваходжання (у склад Расіі, — Еўрарадыё) ёй заплацілі 2800. У рублях я не скажу, я за грыўны кажу. А пазней, ужо праз месяц, ёй далі 3500 ці 3400. Бензін у іх таннейшы, прадукты таннейшыя, у нас усё падаражэла! У нас бензін 16.50 стаў — дзе такія кошты былі?! Долар невядома куды ўзняўся таксама”.
Гэта і прымусіла людзей, кажа Канстанцін, радасна і без прымусу ісці і аддаваць свой голас за Данецкую рэспубліку.
Канстанцін: “У 10 гадзін ужо кіламетровыя чэргі стаялі, і так амаль да абеду, людзей вельмі шмат было. Усе ішлі па запісе, па пашпарце — усё так, як належна. Ніякага “пад дуламі пісталетаў”, “тэрарысты стаяць і прымушаюць ісці галасаваць” — нічога такога не было”.
Пра тое, што ў складзе Расіі ім давядзецца жыць па расійскіх законах і паўтарыць, калі ў Расіі не спадабаецца, свой рэферэндум не ўдасца, крыху замяўшыся, Канстанцін, здагадваецца. Але, маўляў, выйсця няма — з Украінай ім не па дарозе, рашэнне канчатковае. І выказвае ўпэўненасць, што лёс Абхазіі і Асеціі іх край не паўторыць.
Вераць у гэта і жыхары Данецка, дзеліцца назіраннямі Вольга Іваненка, жыхарка Кіева, якая разам з журналістамі замежных СМІ у нядзелю наведала Данецк.
Вольга Іваненка: “Першы участак, на які мы прыйшлі, вельмі мяне здзівіў: было каля 10 раніцы, і людзей было так шмат, што яны стаялі ў чарзе на вуліцы. На другім участку ў самым цэнтры Данецка было чалавек 5-6, але кіраўнік камісіі сказаў, што ў іх з 2,5 тысяч выбаршчыкаў на 11 гадзін раніцы каля 600 чалавек прагаласавала”.
Ішлі людзі, кажа суразмоўца Еўрарадыё, якія шчыра вераць, што жыць у Данецкай народнай рэспубліцы ці ў складзе Расіі ім будзе значна лепш, чым у складзе Украіны. І гэтыя прарасійскія жыхары Данецка, адзначае Вольга Іваненка, вельмі агрэсіўна настроеныя — выказвацца ў іх прысутнасці за адзіную Украіну проста небяспечна.
Фота: www.svoboda.org, nsn.fm, shiksabd.com, hotsport.ua, obozrevatel.com