"Нам давялося часова спыніць працу Офіса" — дарадца Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская з дарадцамі — Франкам Вячоркам і Дзянісам Кучынскім

Святлана Ціханоўская з дарадцамі — Франкам Вячоркам і Дзянісам Кучынскім / прэс-служба Ціханоўскай

Рашэнне Літвы знізіць узровень фізічнай аховы Святланы Ціханоўскай стала для яе офіса нечаканасцю. Пра гэта ў каментары журналістам паведаміў яе дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі.

"1 кастрычніка нас паінфармавалі пра запланаваныя змены ў забеспячэнні аховы Святланы Ціханоўскай у Літве. Мы хацелі б, каб рашэнне было паведамлена крыху раней. Паколькі час папярэджання быў вельмі кароткі, мы не мелі дастаткова часу, каб адаптаваць працу офіса да гэтых змен. У сувязі з гэтым нам давялося часова спыніць працу офіса", — перадае LRT словы Кучынскага.

Пра тое, што аховай Ціханоўскай будзе займацца не Служба аховы кіраўніцтва, а Бюро крымінальнай паліцыі Літвы, журналістам стала вядома напярэдадні. Пры гэтым Ціханоўская застаецца госцяй літоўскай дзяржавы катэгорыі С, а беларускае дэмакратычнае прадстаўніцтва — акрэдытаваным прадстаўніцтвам.

Паводле Кучынскага, у іх адбылася сустрэчы з міністрам замежных спраў Кястуцісам Будрысам. Той патлумачыў, што менавіта зменіцца ў ахове беларускай лідаркі, і запэўніў, што пазіцыя Літвы наконт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі застаецца нязменнай.

"Міністр таксама пацвердзіў, што Святлана Ціханоўская застаецца афіцыйнай госцяй урада Літвы, і ніякіх змен яе статусу не прадугледжваецца. Пазіцыя Ціханоўскай як госці дзяржавы Літва застаецца нязменнай, і гэта адлюстроўвае яе статус як de facto абранага лідара Беларусі", — дадаў дарадца Ціханоўскай.

Разам з тым Кучынскі выказаў занепакоенасць як ранейшымі, так і новымі пагрозамі з боку рэжыму Лукашэнкі. Ён згадаў напады на беларускія крамы і культурныя цэнтры ў Вільні, кібератакі, дэзінфармацыйныя атакі і "пастаянныя пагрозы смерцю членам дэмакратычнага руху".

"Гэта не асобныя выпадкі, а частка мэтавых і каардынаваных намаганняў, накіраваных на дыскрэдытацыю дэмакратычных сілаў Беларусі і запалохванне дыяспары за мяжой", — падкрэсліў Кучынскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.