Наколькі рэальна сесці ў турму на тры гады за крадзеж на суму 21$

Наколькі рэальна сесці ў турму на тры гады за крадзеж на суму 21$

Крымінальная адказнасць у Беларусі пагражае таму, хто здзейсніў крадзеж на суму, якая перавышае дзве базавыя велічыні. Сёння гэта 420 000 рублёў. У доларавым эквіваленце па актуальным курсе гэта 20,24$. То бок за крадзеж на крыху вышэйшую суму — скажам, 21$ — можна сесці на 3 гады ў турму. Менавіта такое максімальнае пакаранне прадугледжвае Крымінальны кодэкс.

Цікава, што ў доларавым эквіваленце ў параўнанні з мінулым годам гэтая сума знізілася на 10$. Базавая велічыня тады складала 180 000, а курс рубля ў адносінах да долара — 11 900 (на 1 студзеня 2015 года).

Буйны памер крадзяжу пачынаецца ад 52 500 000 (2531$). За яго даюць ужо іншыя тэрміны. Гэта значыць, што скрасці ноўтбук Fujitsu LIFEBOOK E754 за 2468$ і тэлефон Nokia 130 за 21$ — гэта фармальна адно і тое ж для нашага правасуддзя. І ў першым, і ў другім выпадку максімальнае пакаранне — тры гады пазбаўлення волі.

І гэты прыклад — не адзіны. Так, пры падмане пакупніка на пяць базавых велічынь (51$) прадавец тэарэтычна можа атрымаць два гады пазбаўлення волі.

Але як гэта працуе на практыцы? Адзін з адвакатаў кажа, што не сутыкаўся з тым, каб без рэцыдываў, абцяжарвальных абставінаў і іншых нюансаў, што ўлічваюцца пры вынясенні прысуду, каго-небудзь асудзілі на тры гады за крадзеж на мінімальную суму.