На наркасайце беларусаў віншуюць з Днём Перамогі (фота, відэа)

На самым папулярным ва Усходняй Еўропе наркарэсурсе (наўмысна не даем яго назву) наведвальнікі цынічна віншуюць сваіх аднадумцаў з Днём Перамогі. Ледзь не ў кожнай аб’яве — слоганы “Дзякуй за Перамогу” і георгіеўскія стужкі. Віншаванні чаргуюцца з аб’явамі аб продажы разнастайных спайсаў, эйфарычных парашкоў і таблетак.

Толькі па Мінску на сайце штодня выстаўляюцца дзясяткі наркааб’яваў. А рэсурс свабодна адкрываецца ў Беларусі адусюль.

Нагадаем, што на пачатку красавіка міністр інфармацыі Лілія Ананіч заявіла пра закрыццё 10 наркарэсурсаў. Але, як высвятляецца, самы папулярны з іх працягвае працаваць.

Еўрарадыё цягам некалькі месяцаў сігналізуе ў Мінінфармацыі і яго падраздзяленні аб адкрытым і свабодным функцыянаванні сайта. Рэакцыі няма. 

Рэсурс, пра які вядзецца гаворка, нагадвае амерыканскі праект “Шоўкавы шлях”, закрыты некалькі гадоў таму. Уладальнікі зараблялі на аперацыях па продажы наркотыкаў мільярды долараў.