На дзень Волі Раманчук з’язджае ў Кіеў, а Дзмітрыеў ідзе на допыт

Аляксандр Казулін: “Пакуль планы своеасаблівыя, таму што не існуе плана ў апазіцыі. Ёсць два сцэнары: прарывацца на плошчу Якуба Коласа ці ісці з кветкамі да помніка Янкі Купалы. Наўрад ці, можна меркаваць, што мерапрыемства атрымаецца масавым. Але, разам з тым, кожны раз мы ведаем, што нам прапануюць улады, як яны будуць дзейнічаць, і не можам знайсці рэальныя разважныя дзеянні аб'яднаных дэмакратычных сіл. Думаю, трэба над гэтым думаць і ў процівагу ўладам прадстаўляць тое, што ад нас чакае большасць беларускіх грамадзян. У мяне як грамадзяніна 25 сакавіка звязана з тым, што 5 гадоў таму мяне жорстка збілі і арыштавалі. Таму гэты дзень я ніколі не забуду”. 


Яраслаў Раманчук гэты дзень плануе правесці ў Кіеве, дзе будзе сустракацца з экспертамі наконт распрацоўкі канцэпцыі развіцця стасункаў паміж Беларуссю і Украінай. “Я лічу, што гэта свята, яно адзначаецца з сябрамі. Але ў такім становішчы свята нельга ператвараць у палітычны маніфест, які можа закончыцца дай Бог не трагічна, але проста пазбаўленнем свабоды на 10-15 сутак. Таму трэба адзначаць гэтае свята з пакорай, але станоўча, без канфліктаў. Калі будуць нейкія пратэсты, АМАП можа жорстка караць. Усё ж можа быць, калі ёсць людзі, якія настроеныя на канфлікты, на ўжыванне сілы”.

Віталь Рымашэўскі: “Планую ўдзельнічаць ва ўскладанні кветак да помніка Янку Купалу. У чацвер у нас будзе імпрэза. Будзем адзначаць разам, распаўсюджваць інфармацыю пра 25 сакавіка. У нашай сям'і ёсць традыцыя ўдзельнічаць у мітынгах дэмакратычнай апазіцыі, таму што гэта найлепшы шлях на сённяшні дзень, які можа адрадзіць традыцыі святкавання 25 сакавіка, а таксама ушанаваць тых людзей, дзякуючы якім мы маем гэтае свята”. 

Рыгор Кастусёў па асабістых абставінах знаходзіцца ў Магілёве і прыняць удзел у мерапрыемствах, якія запланаваныя ў сталіцы, не зможа. Але за Дзень Волі чарку ліманаду падыме.“Сын, напэўна, паедзе у Мінск. Адна дачка будзе ў Магілёве адзначаць — тут таксама будуць нейкія мерапрыемствы. Ну, а ўжо ліманаду чарку падыму”.Віктар Івашкевіч: “Я думаю схадзіць у адно і другое пазначанае месца (смяецца), а потым пойдзем з сябрамі і роднымі адзначаць. Справа ў тым, што ў мяне пляменніца нарадзілася ў гэты дзень. Так што адначасова збіраемся адзначаць гэтае свята як дзень нараджэння. Ну а звычка разам з братам і сябрамі адзначаць гэтае свята ў нас яшчэ з пачатку 1980-х гадоў. Калі на вуліцах гэта рабіць было немагчыма, мы збіраліся па хатах”.

Андрэй Дзмітрыеў: “З раніцы кампанія “Гавары праўду” робіць акцыю “Падтрымай зняволеных у Дзень Волі”. У нас ёсць невялікія асабістыя сюрпрызы для тых, хто знаходзіцца пад хатнім арыштам. Пасля ў нас будзе невялікая акцыя на Паштамце, дзе мы вышлем лісты са словамі падтрымкі палітзняволеным, якія мы збіралі па ўсёй краіне. І далей стандартны для майго жыцця апошніх месяцаў план — у мяне прызначаны допыт, які адбудзецца ў тры гадзіны дня. Зыходзячы з гэтага і буду вырашаць, дзе я буду”.У Дзмітрыева ёсць і сямейная традыцыя адзначэння Дня Волі. 


“Мой сын зараз з'ехаў. Калі ён быў тут, усталявалася адна традыцыя. Звычайна мы з сынам у гэты дзень ці ў бліжэйшыя да Дня Волі выходныя рабілі “вылазкі” ў нейкія гістарычныя месцы. То бок сын ведаў, што гэта прымеркавана да Дня Волі, мы выбіраем нейкае гістарычнае месца ў Беларусі, якое наведваем”. Андрэй Клімаў лічыць, што адзначаць няма чаго. “Бензін падаражэў, курс нацыянальнай валюты ўпаў, перспектывы незразумелыя, кандыдаты ў прэзідэнты ў турме. Я б назваў гэта хутчэй Днём няволі”.