На Данеччыне баевікі атакавалі ўкраінскіх вайскоўцаў, ідуць баі
Сёння ў пяць гадзін раніцы з боку населенага пункта Сцяпанаўка баевікі пачалі масіраваны наступ на сілы Нацыянальнай гвардыі Украіны.
Як паведамляе liga.net са спасылкай на прэс-службу Нацгвардыі, былі нанесеныя танкавыя, мінамётныя ўдары і ўдары з СТКР па блокпосце каля вёскі Марынаўка. Агонь вёўся больш за гадзіну. Сілы Нацгвардыі адбілі ўдар і перайшлі ў наступ, пасля чаго баевікі адступілі да Сцяпанаўкі. З боку вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі тры параненыя. Падчас абстрэлу значна пацярпела інфраструктура Марынаўкі.
Цяпер бой працягваецца ўжо ў раёне населенага пункта Тараны ў Данецкай вобласці. Там баевікі працягваюць наступ на сілы Нацыянальнай гвардыі. Наступ вядзецца з боку Саур-Магілы і Сцяпанаўкі. Агонь па пазіцыях ўкраінскіх сілавікоў вядзецца з мінамётаў, танкаў і СТКР (супрацьтанкавая кіраваная ракета). Адзін вайсковец Нацыянальнай гвардыі паранены ў выніку бою. Страты сярод баевікоў удакладняюцца.
Фота: ЕРА