На целе ўкраінскага палоннага расіяне выпалілі надпіс "Слава Расіі"

Украінскі вайсковец пасля расійскага палону / x.com/clashreport
Фотаздымак вайскоўца, на целе якога выпалілі надпіс "Слава Расіі", з'яўляецца сапраўдным. Гэта фота абаронцы, які вярнуўся ва Украіну падчас папярэдніх абменаў. Пра гэта ў тэлеэфіры сказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Андрэй Юсаў, перадае hromadske.ua.
Фатаздымак, зроблены выданнем Clash Report, шырока распаўсюдзіўся ў сацсетках. На ім відаць, што цела вайскоўца, вызваленага з палону, пакрываюць шматлікія шнары. Сярод іх добра бачны надпіс "Слава Расіі".
Прадстаўнік ГУР сказаў, што фота зрабіў доктар падчас агляду былога палоннага ў адным з рэгіянальных медцэнтраў: "На жаль, гэта сапраўдная фатаграфія. Гэта з аднаго з папярэдніх абменаў. Лекар падчас агляду ў адным з рэгіянальных цэнтраў, дзе хлопцы праходзяць рэабілітацыю, проста не вытрымаў, сфатаграфаваў гэта і выклаў у сеціва".
Таксама юсаў паведаміў, што 90% апытаных украінскіх вайскоўцаў, вызваленых з расійскага палону, кажуць пра парушэнне ўмоваў утрымання, неабходных стандартаў харчавання і медазабеспячэння. Акрамя таго, у палонных падчас абмену фіксуюць крытычную страту вагі, што бачна і няўзброеным вокам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.