Мінскае "Дынама" згуляе з "Барысам" без галоўнага трэнера

Мінскае "Дынама" згуляе 3 лютага ў Астане з "Барысам" без галоўнага трэнера. Спартыўна-дысцыплінарны камітэт КХЛ аштрафаваў Крэйга Вудкрафта і дыскваліфікаваў яго на адзін матч. Былі разгледжаныя яго паводзіны ў канцы нядаўняга паядынка ў Екацярынбургу паміж "Аўтамабілістам" і мінскім "Дынама" (дынамаўцы яго выйгралі з лікам 3:2). За "абразу суддзяў і неспартыўныя паводзіны" Вудкрафт быў выдалены да канца гульні і мусіў пакінуць лаву сваёй каманды (у трэцім перыядзе нашых гульцоў пастаянна выдалялі, у адным з эпізодаў за 12 секунд да сірэны трэнер эмацыйна выказаўся наконт дзеянняў суддзяў). Такое выдаленне ў бягучым чэмпіянаце КХЛ для галоўнага трэнера мінчукоў стала паўторным, таму яго і пакаралі дыскваліфікацыяй.
Матч "Барыс" — "Дынама" пачнецца ў 16.30 паводле беларускага часу. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 5". Дынамаўцы пасля 54 матчаў маюць 96 ачкоў, займаюць 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі ды знаходзяцца ў кроку ад датэрміновага патраплення ў плэй-оф.