Мінскае "Дынама" выйграла ў гасцях у "Медвешчака" — 5:2 (відэа)

У матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі мінскае "Дынама" 19 лістапада гуляла ў гасцях з заграбскім "Медвешчаком". На 15-й хвіліне гаспадары пляцоўкі ў большасці выйшлі наперад, на апошніх секундах першага перыяду Шарль Лінгле зраўнівае лік (таксама ў большасці). На 35-й хвіліне Дзмітрый Мялешка (на здымку) закідвае прыгожую шайбу — 2:1, а ў самым пачатку трэцяга перыяда Артур Гаўрус робіць лік 3:1. На 47-й "Медвешчак" скарачае разрыў у ліку, а за 2 хвіліны да сірэны гаспадары пляцоўкі здымаюць брамніка. І тут жа Раян Веске здымае ўсе пытанні, адпраўляючы шайбу ў пустую браму — 4:2. "Медвешчак" пакідае браму пустой і кідаецца ў атаку. Але Аляксандр Мацярухін ставіць пераможную кропку — 5:2!

"Зубры" атрымалі такую важную перамогу і перарвалі серыю з пяці паражэнняў. Пасля 29 матчаў у мінскіх дынамаўцаў стала 46 ачкоў і яны знаходзяцца на 6-м месцы ў канферэнцыі "Захад".

24 лістапада "Дынама" прымае на "Мінск-Арэне" расійскі клуб "Сочы" (пачатак а 19-й гадзіне), а 29-га зноў згуляе з "Медвешчаком" (пачатак а 17-й).

Фота — hcdinamo.by