Міністр замежных спраў Польшчы трапіў у беларускі "чорны спіс"
Як і старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек, Радаслаў Сікорскі не зможа нават транзітам праехаць праз Беларусь.
Урад Польшчы не дамовіўся з уладамі Беларусі наконт абслугоўвання ўрадавых самалётаў, якімі ў Расію накіруюцца асобы, што маюць намер узяць удзел у жалобных мерапрыемствах, прысвечаных першай гадавіне смаленскай авіякатастрофы, піша польская газета Nasz Dziennik.
Як адзначае выданне, у выпадку, калі давядзецца зрабіць аварыйную пасадку на адным з беларускіх аэрадромаў, могуць узнікнуць сур'ёзныя праблемы, тым больш, што некаторыя з польскіх палітыкаў знаходзяцца ў "чорным спісе" беларускага МЗС і ім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Польшчы Аляксей Зелянко заявіў, што ў "чорны спіс", у прыватнасці, трапілі кіраўнік Еўрапейскага парламента Ежы Бузек і міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, якія "наземным шляхам проста не ўедуць у Беларусь".