Медыкі сказалі пра стан дзіцяці, якога беларус пакалечыў у Шарамеццеве

Беларус, затрыманы за напад на дзіця ў Шарамеццеве / скрыншот відэа
Двухгадовага хлопчыка, якога беларус кінуў на падлогу ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева, увялі ў медыкаментозную кому. Пра гэта расказалі медыкі дзіцячага цэнтра імя Рошаля, піша тг-канал Mash.
Хлопчыка падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. У яго дыягнаставалі адкрыты пералом чэрапа, гематомы і пералом пазваночніка. Плануецца зрабіць тамаграфію, каб высветліць, наколькі моцна пацярпеў яго галаўны мозг.
Як паведамлялася раней, інцыдэнт адбыўся 23 чэрвеня ў зоне выдачы багажу ў аэрапорце Шарамеццева. 31-гадовы грамадзянін Беларусі падышоў да чужога дзіцяці, падняў яго на руках і з усёй сілы шпурнуў на падлогу. Відавочцы сцвярджаюць, што мужчына быў у неадэкватным стане. Пазней аналізы пацвердзілі, што ён знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў.
Бацька пацярпелага хлопчыка расказаў расійскім журналістам, што ў аэрапорце сустракаў з Ірана жонку і дваіх дзяцей. Яны выязджалі на святы, аднак вярнуліся праз абстрэлы краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.